Удзельнік «Еўрабачання» распавёў, што яму парвалі пашпарт пры ўездзе ў Расею


Спявак Хові Стар (Hovi Star), які зарэпрэзентуе Ізраіль на «Еўрабачанні», распавёў, што працаўнікі расейскай памежнай службы парвалі ягоны пашпарт.

Фрагмент ягонага інтэрвʼю апублікаваў партал «Wiwibloggs», прысвечаны «Еўрабачанню».

Спявак распавёў, што пры ўездзе ў Расею падчас праходжання пашпартнага кантролю працаўнікі памежнай службы парвалі ягоны пашпарт. Яны пачалі смяяцца, калі ўбачылі, што спявак карыстаецца касметыкай і носіць яскравую вопратку. Прадстаўнікі памежнай службы сказалі, што Стар не зможа патрапіць у Расею, бо ягоны пашпарт сапсаваны.

Артыст бачыць прычыну здарэння ў сваёй гомасексуальнасці. Спявак дадаў, што песня, з якой ён будзе выступаць на «Еўрабачанні», прысвечаная роўнасці, і ён не адчувае крыўды на памежнікаў.

Хові Стар атрымаў новы пашпарт у пасольстве Ізраілю ў Маскве.

Стар прыязджаў у Расею для ўдзелу ў канцэрце, які прайшоў у пачатку красавіка, перад конкурсам «Еўрабачанне». Падчас прэс-канферэнцыі ён папрасіў не звязваць выступу з палітыкай.

«Еўрабачанне» – месца для весялосці, для музыкі, а не для палітыкі. Конкурс ідзе два тыдні, давайце на гэты час забудзем пра палітыку і будзем гаварыць толькі пра музыку», – сказаў ён агенцтву ТАСС.

Фінал «Еўрабачання-2016» пройдзе 14 траўня на сцэне «Globe Arena» ў Стакгольме.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў