«Ударыў амапаўку кулаком па галаве»: у Горадні пачаўся суд над чатырма мужчынамі за гвалт над сілавікамі


Суд Ленінскага раёну Горадні, 6 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат

6 студзеня суд Ленінскага раёну Горадні пачаў разгляд крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні супрацоўнікаў АМАПу. На лаве падсудных – чатыры мужчыны. Іх вінавацяць у гвалце супраць сілавікоў каля МЦ «Галактыка» падчас адной з нядзельных акцыяў пратэсту 27 верасня.

Гэтая акцыя пратэсту доўжылася ўсяго некалькі хвілінаў. Для яе разгону ўжылі спецсродкі, у тым ліку слезацечны газ. Пазней людзі збіраліся ў розных раёнах гораду, куды таксама прыязджала міліцыя. У той дзень у Горадні затрымалі 73 чалавекі.

Суддзя Генадзь Мазайла. Фатаграфаваць абвінавачваных у зале суда забаранілі. Гэта стала ўжо распаўсюджанай практыкай апошнім часам. Усе на лаве суда былі без масак. Пры гэтым блізка падысці да іх было немагчыма – канвой пільна сачыў за гэтым.

Падтрымаць падсудных прыйшлі каля 30 чалавек – родныя і знаёмыя.

«Мама, устань, няхай папа на цябе паглядзіць», – кажа з першай лавы гледачоў дзяўчына.

Пацярпелыя ў справе супрацоўнікі АМАПу Башко і Заяц заявілі хадайніцтва, што баяцца за сваю бяспеку, таму просяць дапытваць іх, забяспечыўшы нябачнасць. Суд задаволіў гэту просьбу.

Версія абвінавачання

Згодна матэрыялам справы, днём 27 верасня Андрэй Севяртока падчас затрыманняў на акцыі пратэсту паспрабаваў адбіць пратэстоўцаў у АМАПу. Пры гэтым ён «ударыў супрацоўніцу АМАПу Заяц кулаком па галаве і нагой па правай назе».

Андрэй Севяртока.
Фота: МУС

У канфлікт з сілавікамі таксама ўступілі Міхаіл Юдзін і Міхаіл Ефімовіч. Ефімовіч кінуў у супрацоўніцу АМАПу «невядомы прадмет» і трапіў у грудзі, Юдзін рукамі ды нагамі пабіў амапаўца Башко. Побач стаяў Вадзім Хіжнякоў, які «кінуў у Башко цвёрды прадмет і выказваў пагрозы прымянення гвалту на ягоны адрас». Паводле версіі пракурора, мужчыны дзейнічалі па папярэдняй змове.

Чацвярых удзельнікаў канфлікту затрымалі і даставілі ў аддзяленне міліцыі, Андрэй Севяртока здолеў уцячы. Праз тры дні затрымалі і яго.

Мужчынам выстаўленыя абвінавачанні паводле арт. 364 («Гвалт і пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў з мэтай перашкодзіць ягонай законнай дзейнасці, прымусу да змены гэтай дзейнасці»), а Андрэю Севяртоку яшчэ і паводле ч. 1 арт. 413 (уцёкі з-пад варты) Крымінальнага кодэксу.

Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Суд Ленінскага раёну Горадні, 6 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат

Андрэй Севяртока заявіў, што ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі ды часткова прызнаў віну паводле арт.364, «але не ў той інтэрпрэтацыі, што падаў пракурор». Астатнія віны не прызнаюць і цалкам адмаўляюць усе абвінавачанні.

Абвінавачаныя ў справе

Андрэй Севяртока, 49 гадоў, жыхар Мастоў. Дзяцей няма. Працаваў электрыкам. Раней быў пад судом.

На пачатку суда адмовіўся ад паслуг адваката і сказаў, што будзе абараняць сябе сам. Аднак суддзя адхіліў гэта хадайніцтва.

Падчас следства Севяртока распавёў, што супрацоўніца АМАПу была ў масцы, шлеме з забралам і латах, таму ён не мог ведаць, што гэта жанчына. Па галаве спецыяльна не біў, мог выпадкова трапіць, калі адмахваўся.

Міхаіл Юдзін, 43 гады, індывідуальны прадпрымальнік. Мае дваіх няпоўнагадовых дзяцей.

Міхаіл Ефімовіч, 33 гады, намеснік дырэктара фірмы «Паток».

Вадзім Хіжнякоў, 52 гады, беспрацоўны. Дзяцей няма. Нарадзінец Тулы, грамадзянства беларускае, жыве ў Горадні.

Валеры Хіжнякоў, бацька аднаго з абвінавачаных.
Фота: Белсат

На судзе заслухалі толькі пракурора. Наступнае паседжанне ў гэтай справе адбудзецца 11 студзеня і пачнецца з допыту абвінавачаных.

«Па лістах, што дасылае мой сын, бачна, што настроены ён бадзёра. І я настроены на перамогу. А як інакш?» – сказаў журналістам пасля паседжання спадар Валер, бацька Вадзіма Хіжнякова.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» да канца 2020 года былі агучаныя як мінімум 103 прысуды ў крымінальных справах, звязаных з падзеямі, якія адбываліся падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў