Удары, пераломы, рэзаныя раны – што здараецца, калі не выконваць правілаў катання на цюбінгу


Увесь Магілёў напужаны трагедыяй, якая здарылася 6 студзеня: 24-гадовы мужчына разбіўся насмерць на несанкцыяванай горцы ў парку Падміколле. На месца здарэння прыходзяць людзі: хто проста паглядзець на тую страшную горку, хто – пакласці кветкі пад той самы слуп. Але гэты хлопец – не адзіная ахвяра катання на горках.

У гарадскі траўмапункт Магілёва прывозяць шмат пацыентаў пасля катання на цюбінгах, сярод іх мала дарослых і шмат дзяцей. Статыстыку ў траўмаванні на горках падвесці немагчыма, бо не кожны прызнаецца, што катаўся на горцы, маўляў, проста ўпаў.

Hавiны
У Магілёве загінуў хлопец, калі з’язджаў з горкі
2019.01.06 22:42

Траўмы на цюбінгу можна атрымаць рознай ступені цяжкасці, ад лёгкай – гэта ўдары, расцяжэнні, да цяжкай – пераломы, чэрапна-мазгавыя траўмы, таксама магчымы рэзаныя раны і смерць, кажа траўматолаг-артапед Наталля Дзенісенка.

Стыхійная горка ў Падміколлі апусцела пасля здарэння
Жывыя кветкі пад слупом, ад сутыкнення з якім загінуў чалавек

Дакладна зафіксавана, што 28 снежня тры поўнагадовыя магілёўцы парэзалі азадкі на стыхійнай горцы ў Падміколлі. На наступны дзень з той жа горкі паступіла 2 чалавекі з рэзанымі ранамі на руках.

«Магчыма, на схіле былі нейкія бутэлькі, карані або правады, аб якія парэзаліся людзі. Ад траўмаў на стыхійных горках ніхто не застрахаваны. Таму я раю абыходзіць такія месцы і абіраць для катання прыстасаваныя пляцоўкі. А калі вырашылі рызыкаваць, то рабіць гэта трэба з розумам: апранаць сродкі абароны, як пры катанні на роліках або на ровары. Наконт небяспечнай горкі ў парку Падміколле, то я бы зараз прапанавала пасыпаць яе пяском, а ўвесну высадзіць на ёй дрэвы ў шахматным парадку», – кажа траўматолаг-артапед Наталля Дзенісенка.

Ці цалкам застрахаваныя ад траўмаў тыя, хто ідзе катацца ў адпаведныя месцы, мы даведаліся ў Пячэрску – гэта адзіная гара ўва ўсім Магілёве, на якой створаныя адмысловыя ўмовы для катання на цюбінгу.

«У нас забаронена катацца на сваім цюбінгу. Мы афармляем страхоўку на кожнага нашага кліента, але толькі ў выпадку, калі ён карыстаецца нашым цюбінгам. Летась у нас былі выплаты па гэтых страхоўках, сёлета да такога яшчэ не даходзіла, – кажа працаўнік горкі Сяргей Чалаў.

Так выглядае афіцыйная траса для цюбінгаў
З квітком і распіскай кліенты пракату могуць разлічваць на страхоўку

Пракат цюбінга на афіцыйнай горцы ў Пячэрску каштуе 6 рублёў за гадзіну для дарослага ў працоўныя дні і 7р50к за гадзіну для дарослага ў выходныя дні. Для дзяцей гэтыя кошты складаюць 4р і 4 р50к адпаведна. Пад’ёмы на гару за асобную плату – 70 кап. для дарослых і 50 капеек для дзяцей за адзін пад’ём у выходны дзень. Можна не плаціць і ўзняцца на гару самастойна.

Справка

ВОСЬ ПРА ЯКІЯ ПРАВІЛЫ КАТАННЯ НА ЦЮБІНГУ НАМ РАСПАВЯЛІ Ў ПУНКЦЕ ПРАКАТУ:

  • катацца ў прызначаных для гэтага месцах;
  • выконваць загады інструктара;
  • ехаць седзячы;
  • ехаць па адным;
  • ехаць паводле чаргі;
  • трымацца рукамі за ручкі цюбінга.
Справка

ЧАГО НЕЛЬГА РАБІЦЬ ПРЫ КАТАННІ НА ЦЮБІНГУ:

  • ехаць уніз галавой;
  • ехаць у сцэпцы;
  • чапляцца нагамі.

Бяспека на афіцыйнай горцы ў Пячэрску запэўніваецца некалькімі захадамі. Галоўны інжынер прадпрыемства Яўген Трафіменка кажа:

«Штодзень мы пазбаўляемся ад ледзяной коркі на гары, каб пазбегнуць вялікага слізгання. Па ўсёй даўжыні гары стаяць агароджы, каб людзі не выляталі за тэрыторыю. На саміх трасах створаныя борцікі, каб людзі не сутыкаліся адзін з адным. Нашыя аператары ажыццяўляюць інструктаж наведнікаў і кантроль за выкананнем захад бяспекі. Калі прытрымлівацца правілаў, то ўсё будзе добра».

Горка ў Пячэрску мае 2 дарожкі для спуску на цюбінгах. Працягласць самога спуску – каля 250 метраў, ухіл на асобных адрэзках дасягае 40 градусаў. Для дзяцей да 5-ці гадоў ёсць асобная невялікая горка.

Паводле працаўнікоў парку, сюды прыязджаюць катацца госці з Менску, з Італіі, Вугоршчыны, нядаўна была дзяўчына з Мадагаскару, а свае людзі чамусьці абіраюць стыхійныя горкі. Няўжо справа ў грошах, не могуць паверыць працаўнікі парку. Бо кошты на пракат цюбінгаў засталіся на ўзроўні мінулага года.

Hавiны
Следчы камітэт накіраваў ураду прапановы па надзіманым санкам
2019.01.10 11:08

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў