Учора – па 50 капеек, сёння – па 1 рублі. Што можа выратаваць трускаўкавы бізнес?


Трускаўкавы рынак вёскі Дварэц Лунінецкага раёну, куды штогод у чэрвені з’язджаюцца прадаўцы і аптовыя пакупнікі трускавак, перажывае не лепшыя часы. Закупачныя кошты на ягаду ў параўнанні з мінулым годам істотна ўпалі і гэты бізнес страціў сваю камерцыйную прывабнасць.

Збор трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Фермер Аляксей Туркевіч мае клубнічную плантацыю памерам у 1 гектар. Ён выкарыстоўвае сучасную агратэхніку, грады абсталяваныя капельным палівам, пасаджаныя трускаўкі дастаткова ўраджайнага гатунку «Кімберлі».

Аляксей Туркевіч з жонкай Аляксандрай. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Падчас сезону ў Аляксея працуе да 30 наймітаў, якія збіраюць і сартуюць ураджай. Нанятыя рабочыя атрымліваюць па 3,5 рублі ў гадзіну. Сам Аляксей у гарачыя чэрвеньскія тыдні на адмысловым грузавіку возіць свае ягады ў Маскву, дзе па дамове аддае яе па кошце паўтары долары за кілаграм.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

За сезон, які доўжыцца тры тыдні, Аляксей робіць да пяці рэйсаў. Агулам ураджай трускавак за лета складае 15 тон.

Фота: Арцём Лява / belsat.eu

На першы погляд, вырошчванне трускавак – справа прыбытковая, але зараз Аляксей сумняецца, ці варта яму закладаць плантацыю ягады на дадатковых гектарах, які ўжо ўзяў у арэнду.

Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Па-першае, гэты бізнес патрабуе немалых выдаткаў (за два гады Аляксей выдаткаваў на арганізацыю плантацыі 20 тысяч долараў. Таксама ў 18 тысячаў абышоўся аўтамабіль для дастаўкі ягады). Па-другое, вырошчванне трускавак – справа досыць рызыкоўная з прычыны непрадказальнасці коштаў на ягаду.

Фота: Арцём Лява / belsat.eu

«Цана цалкам залежыць ад попыту і прапановы. У гэтым годзе цана імкліва ўпала з прычыны росту прапановы на рынку. А вытворцу няма куды падзецца ў такой сітуацыі: ён вымушаны пагаджацца на вельмі нізкую цану аптовых пакупнікоў, паколькі ягада імкліва псуецца», – кажа Аляксей.

Фота: Арцём Лява / belsat.eu
Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Сезон пачаўся рана і супаў з краснадарскім

Рэзкі рост прапановы паводле Аляксея абумоўлены тым, што ў Беларусі сезон трускавак пачаўся рана і супаў з сезонам краснадарскіх трускавак.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Большасць вяскоўцаў вымушаны здаваць ягаду па коштах, які дыктуе рынак у Дварцы. Сёлета сярэднесезонныя кошты амаль на 40 % ніжэйшыя за леташнія. Пры гэтым кошты кожны дзень мяняюцца.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Напрыклад, 15 чэрвеня свежыя трускаўкі перакупшчыкі прымалі па рублю альбо па рублю 20 капеек за кілаграм. Белспажыўсаюз прымае сёння таварную ягаду па 50 капеек за кіло, а тую, што пусціла сок, – па 30 капеек.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

На рынку пануе ажыўленне. Людзі зʼязджаюцца з усяго Лунінецкага раёну: хто на аўтамабілях, хто на роварах, абвешаных вёдрамі. Усе імкнуцца прадаць свае ягады як мага хутчэй і даражэй, пакуль яны не страцілі таварны выгляд.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Выратаваць можа сістэма закупак

Выкід на рынак вялікай колькасці трускавак з прычыны спякотнага лета справакаваў драматычнае становішча, у якім аказаліся дробныя вытворцы ягады ў Лунінецкім раёне. Тыдзень таму закупачны кошт на трускаўкі наблізіўся да кошту толькі яе збору. То бок, тыя, хто вырошчваў ягаду, засталіся без прыбытку.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

«Амаль усе гаспадары наймаюць людзей на ўборку ўраджаю. Найміт можа выбраць 12-18 кг за гадзіну. Такім чынам сабекошт толькі збору трускавак – 30 капеек за кілаграм. І калі тыдзень таму быў перыяд, што на рынку за ягаду выключнай якасці давалі 60 капеек і 20 капеек за ягаду, якая пачала трохі падцякаць (на віно), тады людзі псіхавалі і казалі: ну яе гэтую ягаду, усё перакапаем пасадзім бульбу», – тлумачыць сітуацыю дырэктар рынка ў вёсцы Дварэц Ігар Пракаповіч.

Дырэктар рынка ў вёсцы Дварэц Ігар Пракаповіч. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Больш заможныя гаспадары на ўласных аўто вязуць ягады ў Баранавічы альбо Менск. Больш сурʼёзныя аграбізнесмены кіруюцца ў Расею.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Паводле дырэктара рынка, у Расею ідзе каля 25% трускавак, астатнія – на беларускі рынак. Сваю порцыю рызыкі атрымліваюць і перавозчыкі, бо ніхто не дасць гарантыі, што ягада ў дарозе не папсуецца.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Штогадовую ліхаманку цэнаў у пэўным сэнсе дзікага рынку змагла бы вылекаваць сістэма закупак па загадзя ўзгодненых коштах і замарозка ягад у прамысловым маштабе. Але пакуль назіраецца тэндэнцыя ў раслінаводаў да пераходу на рэмантантныя гатункі трускавак, што плоданосяць да восені, бо ў традыцыйны «не сезон» попыт на клубніцы а з ім і закупачныя цэны рэзка павялічваюцца.

Рынак трускавак. Фота: Арцём Лява / belsat.eu

Арцём Лява, фота аўтара belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары