Участкаў мала, у камісіях «усе свае», але можна ладзіць экзітполы. Дзе і як галасаваць за мяжой?


Да дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі застаецца менш за два тыдні. Выбіраць будуць у тым ліку беларусы ў замежжы. Карэспандэнты Belsat.eu сабралі інфармацыю пра тое, як гэта зрабіць.

«Страцілі сувязь з радзімай»

Агулам беларускі ЦВК налічыў за мяжою 5 319 выбарцаў. Як заявіў 10 ліпеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч, каментуючы акцыі салідарнасці з Беларуссю за мяжой. Маўляў, значная частка тых, хто пражываў або вучыўся ў блізкім і далёкім замежжы, на момант пачатку пандэміі выехалі ў Беларусь, каб бясплатна атрымліваць медычныя паслугі.

«Засталіся ў асноўным тыя, хто юрыдычна і фактычна страціў сувязь з радзімай. Сярод такіх, дарэчы, шмат вечных студэнтаў – асобаў, якія навучаюцца паводле ўсходнееўрапейскіх грантавых праграмаў і жывуць на стыпендыю гадамі, змяняючы месца жыхарства ў розных краінах», – падкрэсліў ён.

Фота: Таня Капітонова / «Белсат»

Хто і дзе зможа прагаласаваць

Паводле звестак Міністэрства замежных справаў, сёлета грамадзяне Беларусі змогуць прагаласаваць за мяжой на тэрыторыі 44 выбарчых участкаў. Яны знаходзяцца ў 36-і краінах Еўропы (Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Іспанія, Італія, Латвія, Літва, Малдова, Нідэрланды, Нямеччына, Польшча, Расея, Сербія, Славаччына, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія), Азіі (Азербайджан, Арменія, В’етнам, Грузія, Ізраіль, Казахстан, Кітай, Турэччына, Узбекістан) і Амерыкі (Венесуэла, ЗША, Канада, Куба).

Hавiны
Акцыя салідарнасці з Беларуссю: больш за 200 чалавек утварылі жывы ланцуг у цэнтры Вільні
2020.07.27 23:48

У выбарах змогуць удзельнічаць грамадзяне, якія стала жывуць або знаходзяцца падчас выбараў у пазначаных краінах. Таксама прагаласаваць змогуць беларусы з Босніі і Герцагавіны ды Харватыі (у амбасадзе ў Вугоршчыне), Даніі (у Фінляндыі), Грэцыі і Кіпру (у Балгарыі), Ірландыі (у Вялікай Брытаніі), Люксембургу (у Бельгіі), Нарвегіі (у Швецыі), Сан-Марына і Мальты (у Італіі), Славеніі (у Аўстрыі).

У некаторых краінах (ЗША, Латвія, Нямеччына, Польшча, Расея, Турэччына) працуе па некалькі выбарчых участкаў. Гэтак, у Польшчы грамадзяне Беларусі з Падляскага і Вармінска-Мазурскага ваяводстваў маюць галасаваць у Беластоку, з Люблінскага і Падкарпацкага – у Белай Падляскай, усе астатнія – у Варшаве.

Краіны, у якіх можна прагаласаваць на выбарах-2020. Графіка Belsat.eu

«Для ўдзелу ў галасаванні пры сабе неабходна мець пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, з улікам актыўнай фазы пандэміі каронавіруса, кожнаму выбарцу неабходна прыходзіць на ўчастак для галасавання ў медычнай масцы і ў пальчатках, пажадана са сваёю асадкай», – паведамляе сайт амбасады Беларусі ў Азербайджане.

Hавiны
За дзень у свеце каронавірусам заразіліся больш за 200 тысячаў асобаў
2020.07.28 08:16

З канкрэтнымі адрасамі ўчасткаў для галасавання і асаблівасцямі іх працы, у тым ліку падчас пандэміі каронавіруса, можна азнаёміцца на сайце МЗС.

А хто не зможа прагаласаваць

Агулам беларускія амбасады працуюць у 58-і краінах свету. Без выбарчых участкаў засталіся дыппрадстаўніцтвы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Аргентыне, Бразіліі, Егіпце, Інданезіі, Індыі, Іране, Катары, Кеніі, Кыргызстане, Манголіі, Нігерыі, Пакістане, Паўднёвай Афрыканскай Рэспубліцы, Румыніі, Рэспубліцы Карэя, Сірыі, Таджыкістане, Туркменістане, Эквадоры, Японіі.

Hавiны
Беларусаў у Эміратах пазбавілі права голасу. Яны скардзяцца ў ЦВК
2020.06.26 13:27

У такіх краінах «грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць прыняць удзел у выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, рэкамендуецца загадзя паклапаціцца аб рэалізацыі свайго выбарчага права». Яны могуць прыняць удзел у выбарах на тэрыторыі Беларусі або ў краінах, у якіх утвораныя ўчасткі для галасавання. Нават калектыўныя звароты, як, напрыклад, у ААЭ, не дапамаглі стварыць выбарчыя ўчасткі ў такіх краінах.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Таксама прагаласаваць можна будзе не ва ўсіх аддзяленнях і кансульствах. Напрыклад, у Расеі, дзе больш за дзясятак аддзяленняў амбасады Беларусі, працаваць у якасці выбарчых участкаў будуць толькі тры.

Але ж магчымыя экзітполы

У каментары belsat.eu каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч адзначыў, што правядзенне выбараў за мяжой рэгулюецца пастановаю ЦВК № 17 ад 8 траўня 2020 года.

«Адпаведна з гэтаю пастановай, галасаваць на гэтых выбарчых участках могуць у прынцыпе любыя грамадзяне Беларусі, калі яны паводле той ці іншай прычыны патрапілі на тэрыторыю гэтай краіны ў дзень галасавання ці ў час датэрміновага галасавання, бо на гэтых участках таксама праводзіцца датэрміновае галасаванне», – патлумачыў праваабаронца.

Паводле яго, участковыя камісіі складаюцца «на 99,9 % з супрацоўнікаў амбасады і сябраў іхных сем’яў». У параўнанні з Беларуссю таксама ёсць вялікая розніца ў назіранні, бо назіраць на гэтых участках не могуць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў.

Уладзімір Лабковіч. Фота радыё «Свабода»

«Цэнтральная выбарчая камісія так лічыць, што грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі не маюць права на дзейнасць за мяжой. А паколькі гэта амбасада ў іншай краіне, то яны дзейнічаць не могуць. Мы з гэтым даўно спрачаліся, бо лічым, што калі на тэрыторыі амбасады дзейнічае юрысдыкцыя Рэспублікі Беларусь, то дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў па назіранні за выбарамі не можа быць абмежаваная», – падкрэсліў эксперт.

Вылучыць назіральніка на выбарчы ўчастак за мяжою можна толькі шляхам збору 10-і подпісаў. Але сабраць іх трэба у тых, хто стаіць на консульскім уліку ў канкрэтнай амбасадзе. На думку Уладзіміра Лабковіча, на замежныя выбарчыя ўчасткі таксама будзе распаўсюджвацца ўведзенае ЦВК абмежаванне колькасці назіральнікаў.

Але разам з тым у некаторых момантах для грамадзянаў Беларусі ёсць і магчымасці праводзіць экзітполы на выхадзе з выбарчага ўчастку, «калі мы бярэм у прыклад краіну з развітой дэмакратыяй».

«Гэта ўжо рэгулюецца мясцовым заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах, якое, безумоўна, у Еўропе ці ў Злучаных Штатах Амерыкі абсалютна ліберальнае ў параўнанні з Беларуссю. Я ведаю нават, што ёсць цэлыя каманды з дыяспары, якія збіраюцца праводзіць такія экзітполы», – паведаміў эксперт.

Hавiны
На прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі правядуць экзіт-полы
2020.07.28 16:58

Тое, што колькасць выбарчых участкаў у свеце сёлета меншая за колькасць амбасадаў, на думку эксперта, звязана з фінансавым пытаннем.

«Я думаю, што гэта праз абмежаваныя сродкі і праз тое, што ў некаторых краінах, напрыклад, Блізкага Усходу, грамадзянаў Беларусі мала. Трэба таксама ўлічваць, што зараз каронавірус і шмат якія краіны зачыненыя для беларусаў, таму наяўнасць вялікай колькасці турыстаў, якія могуць скарыстацца правам галасаваць, невялікая. Канечне, прыкра, што ў нас праз эканамічнае рашэнне правы пэўных грамадзянаў узяць удзел у галасаванні перакрэсліваюцца, але ў нас заўсёды галоўны не чалавек, а галоўнае, каб жэрці было што», – дадаў Уладзімір Лабковіч.

Прэзідэнцкія выбары пройдуць 9 жніўня.

Максім Гацак belsat.eu

Стужка навінаў