У ЗША усім паліцыянтам, датычным да гібелі Флойда, высунулі абвінавачванні


Пракуратура штату Мінэсота высунула абвінавачванні траім былым паліцыянтам, якіх лічаць датычнымі да смерці 46-гадовага афраамерыканца Джорджа Флойда, загінулага пры затрыманні. Пасля гэтага здарэння гарады ЗША ахапілі масавыя беспарадкі і гвалт.

Як піша The New York Times, 37-гадовы Томас Лэйн, 26-гадовы Александэр Куэнг і 34-гадовы Ту Тао абвінавачваюцца ў дапамаганні і падбухторванні да ненаўмыснага забойства, яны арыштаваныя.

Іхнаму калегу Дэрэку Чавэну, які амаль дзевяць хвілін стаяў каленам на шыі Джорджа Флойда, спачатку інкрымінавалі забойства па неасцярожнасці, за што пагражала да 25 гадоў пазбаўлення волі, цяпер – у забойстве без намеру (да 40 гадоў зняволення). Чавэн знаходзіцца пад вартай.

46-гадовы Джордж Флойд быў забіты 25 траўня ў Мінеапалісе, найбуйнейшым горадзе Мінэсоты, падчас затрымання па падазрэнні ў дробным махлярстве. На наступны дзень у ЗША пачаліся масавыя пратэсты супраць паліцэйскага гвалту і расізму.

Некаторыя акцыі праходзілі мірна, але ў шэрагу гарадоў яны перараслі ў сутычкі з паліцыяй, падпалы аўтаў і будынкаў, рабаванні крамаў.

ВІДЭА
Хваля гвалту: праз масавыя беспарадкі ў гарадах ЗША ўводзяць каменданцкую гадзіну
2020.05.31 10:45

КА belsat.eu

Стужка навінаў