Судовы працэс па справе забойства Ўолтэра Скота пачнецца ў кастрычніку. Да гэтага часу афіцэр паліцыі Майкл Слэджэр будзе пад хатнім арыштам.
Інцыдэнт адбыўся 4 красавіка летась у амерыканскім горадзе Норт-Чарлстан. Майкл Слэджэр спыніў на шашы машыну Ўолтэра Скота за разбітую заднюю фару. Сварка паміж мужчынамі перарасла ў бойку, і Скот паспрабаваў уцячы ад паліцэйскага. Той не стаў цырымоніцца і выпусціў у спіну затрыманага восем куляў, а пазней падышоў да цела забітага, падкінуў невядомы прадмет і надзеў на яго кайданкі. Слэджэр матываваў свой учынак тым, што ў Скота быў электрашокер, а афіцэр апасаўся за сваё жыццё.
Страляніну зняў на камеру адзін з мінакоў і выклаў відэазапіс у інтэрнэт. Слэджэра звольнілі са службы. Яму пагражае пажыццёвы тэрмін.
ДР, belsat.eu