У ЗША голы мужчына застрэліў чатырох наведнікаў рэстарану


Яшчэ двое былі параненыя, паведамляе паліцыя Нэшвілу (штат Тэнэсі) ў Twitter.

Злачынца забіў дзве асобы каля кругласутачнага рэстарану Waffle House, пасля зайшоў унутр і працягнуў страляць. Тры чалавекі загінулі на месцы, чацвёрты пазней памёр у шпіталі.

«Адзін з кліентаў выбіў у стралка вінтоўку. Ён быў голы і ўцёк. Гэта белы чалавек з кароткай стрыжкай», – гаворыцца ў заяве паліцыі.

Адзін з наведнікаў выбіў вінтоўку з рук нападніка. На мужчыне быў толькі пінжак, але ўцякаючы, ён яго зняў. Цяпер ён у вышуку. Пазней паліцыя назвала імя злачынцы – 29-гадовы Трэвіс Рэйнкінг (Travis Reinking).

Паводле СМІ, мужчына быў ўзброены вінтоўкай AR-15. Падобную зброю выкарысталі нападнікі ў Лас-Вегасе і Фларыдзе.

Пасля трагедыі ў Фларыдзе ў краіне прайшлі дзясяткі акцый пратэсту з патрабаваннем зрабіць больш жорсткім кантроль за продажам зброі.

Белы дом паабяцаў забараніць слізгальныя прыклады – прыстасаванні, якія дазваляюць павялічыць хуткастрэльнасць паўаўтаматычнай зброі амаль да ўзроўню аўтамату, а таксама ўвесці больш дасканалыя праверкі біяграфіі пакупнікоў. Белы дом таксама падтрымаў прапанову аб узбраенні некаторых настаўнікаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў