У ЗША асудзілі вандала, які хацеў скрасці бронзавы помнік Касцюшку


Вандала, які хацеў скрасці помнік Касцюшку ў штаце Індыяна, асудзілі на шэсць месяцаў турмы.

Навіна пра тое, што нехта скраў помнік, у леташнім верасні шакавала жыхароў 30-тысячнага гораду Іст Чыкага (East Chicago). Зламыснікаў знайшлі, адзін з іх прадстаў перад судом. У сваю чаргу бронзавы помнік адрэстаўравалі.

34 гадовы Ізраель Л.Соберэнс, які прызнаўся ў тым, што спрабаваў распілаваць помнік, каб здаць на метал, атрымаў шэсць месяцаў турмы. Некаторыя абурыліся лагодным, на першы погляд, прысудам, але пракурор патлумачыў, што ў межах дамовы з асуджаным прадугледжваецца і яго дэпартацыя з ЗША.

Знікненне помніка Тадэвушу Касцюшку ў верасні першымі заўважылі два студэнты. Інцыдэнт абурыў жыхароў гораду.

«Гэта вар’яцтва, усе гады помнік стаяў, я кожны дзень праходзіў побач з ім», – казала адна з гараджанак.

Помнік з’явіўся ў мясцовым парку ў 1934 годзе. Хутка пасля яго знікнення гарадскія ўлады запэўнілі, што помнік будзе адрэстаўраваны, а калі гэта будзе немагчыма – зроблены нанова.

І сапраўды, у панядзелак 29 лютага ён з’явіўся на сваім звыклым месцы. Мясцовае тэлебачанне «Ectv Indiana» апублікавала здымкі помніка. Засталіся апошнія працы перад тым, як генерал Касцюшка будзе афіцыйна прадстаўлены публіцы.

НМ, belsat.eu, паводле TVN24.pl

Стужка навінаў