У ЗША адмаўляюцца трансляваць канал RT


Ад трансляцыі расейскага ўрадавага каналу адмовіліся два тэлевізійныя аператары, сеткі вяшчання якіх ахопліваюць большасць буйных амерыканскіх гарадоў.

Амерыканскі аператар кабельнага тэлебачання ComCast Chicago заявіў пра рашэнне не працягваць дамову пра вяшчаньне RT у сваім рэгіёне з 1 кастрычніка 2018 года са спасылкай на закон аб паўнамоцтвах ў галіне нацыянальнай абароны ЗША. Папраўка Джона Маккейна дазваляе кампаніям без тлумачэння прычыны адмаўляцца трансляваць кантэнт, які знаходзіцца пад кантролем або фінансуецца расейскім урадам, падае РБК.

RT (раней – Russia Today) – сусветны тэлеканал з сядзібай у Маскве, Вяшчае на ангельскай, арабскай, іспанскай, нямецкай і расейскай мовах. Станцыя распачала сваю дзейнасць у 2005-м паводле ініцыятывы расейскага ўраду. Уладальнік станцыі – агенцтва «РИА Новости», якое фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту Расеі.

Раней ад трансляцыі перадачаў RT адмовіўся амерыканскі аператар кабельнага тэлебачання Spectrum, які належыць амерыканскай тэлекамунікацыйнай кампаніі Charter Communications.

У зону ахопу гэтых дзвюх сетак уваходзяць большасць буйных гарадоў, уключаючы Нью-Ёрк, Сан-Дыега, Лос-Анджэлес і Чыкага.

У верасні 2017 года Мінюст ЗША запатрабаваў ад вяшчальнай кампаніі, якая абслугоўвала RT, зарэгістравацца як замежны агент. RT America выканала гэтае патрабаванне, аднак у лістападзе 2017 году журналістаў пазбавілі акрэдытацыі ў Кангрэсе.

У адказ Расея прыняла закон, які прызнае замежнымі агентамі медыі, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы – «Голас Амерыкі», радыё «Свабода», «Фактограф», «Каўказ. Рэаліі» і «Крым. Рэаліі».

У сакавіку 2018 года RT перастаў вяшчаць у Вашынгтоне. Гэта было звязана з тым, што распаўсюднікі сігналаў канала – WNVT і WNVC – спынілі вяшчанне.

ДД

Стужка навінаў