У Змітра Паліенкі можа быць гангрэна, а турэмны доктар не ведае, як яго лячыць


Лекар Бабруйскай калоніі не ведае, што адбываецца з нагою палітвязня, рана на якой доўгі час не загойваецца.

«Калі б я ведаў, што гэта, працаваў бы ў шпіталі, а не тут», – так адказаў ён Змітру, падае словы актывіста ягоная сяброўка Марына Насенка.

«Мы таксама не ведаем, што з нагой, каб даслаць адмысловыя лекі. Сам кажа, што падобна на гангрэну. Але гэта ўсе недакладна», – піша яна.

Акрамя гэтага, Змітра зноў вярнулі на старую працу па вырабе пальчатак, ад якой у яго абвастраецца алергія ды астма.

Кіраўніцтва калоніі намагаецца абмежаваць кантакты са зняволеным усімі магчымымі спосабамі.

«Камунікацыя з адвакаткай адбываецца праз шкло і трубку. АГК таксама не змаглі трапіць на асабістую размову з палітвязнем. Лісты з большага вымушаны дасылаць замоўнымі. У грошах, як і дагэтуль, абмежаваны. Тэлефанаваць мае права толькі бацьку», – піша Марына Насенка.

Бацька Змітра пацвердзіў інфармацыю пра праблемы са здароўем сына.

«Напісаў да яго ліст з пытаннем, што здарылася. Невядома, што з нагой ці параніўся ці на цвік наступіў. Перадавалі яму перадачу, але апынулася, што садавіну і гародніну можна толькі пры асабістай сустрэчы. Таксама папрасіў даведацца ў кіраўніцтва калоніі, ці магу прыехаць да яго на Дзень народзінаў 26 траўня. Бо наведваць можна раз у квартал, то бок пасля 30 траўня, а я хачу раней», – распавёў belsat.eu Аляксандр Паліенка.

Змітра Паліенку амаль штомесяц змяшчаюць у штрафны ізалятар за надуманыя парушэнні. Палітвязень мяркуе, што такім чынам адміністрацыя стварае падставы для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу – па арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

***

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Увесну летась Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў