У журфаку БДУ – новы дэкан


Рэктар БДУ Андрэй Кароль, міністр адукацыі Ігар Карпенка і новы дэкан журфаку Вольга Самусевіч. Фота - bsu.by

Дэканам факультэту журналістыкі прызначаная Вольга Самусевіч, а дэканам факультэту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі – Наталля Манцурава. Пра гэта паведамляецца на сайце БДУ.

Нагадаем, у красавіку Сяргей Дубовік пакінуў пасаду дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ, якую ён займаў з 2005 года. Адначасова было аб’яўлена, што Інстытут журналістыкі БДУ будзе рэарганізаваны ў два самастойных факультэта – журфак (новая назва яшчэ не зацверджана) і факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ФПКП).

Вольга Самусевіч

Вольга Самусевіч, якая ўзначаліла журфак, нарадзілася ў 1977 годзе. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. У БДУ працуе з 2002 года. Прайшла шлях ад выкладчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання факультэту журналістыкі да намесніка дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ.

Наталля Манцурава

Наталля Манцурава, якая ўзначаліла ФПКП, нарадзілася ў 1985 годзе. Кандыдат эканамічных навук. Скончыла БДУ па спецыяльнасці «менеджмент». З 2017 года ўзначальвала кафедру менеджмента і эканомікі сацыяльнай сферы факультэту сацыакультурных камунікацыяў.

Змены ў структуры журналісцкай адукацыі пачаліся пасля таго як Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ і заявіў, што «далей працаваць па-старому нельга». «Самым жорсткім чынам патрабую: зрабіце тэлебачанне лепш. Каб карцінка была і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы і каб у кропку. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я занадта нацыяналістычны ў гэтым плане», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары