У Жлобіне маці чатырох дзяцей выкінулася з гаўбца


29-гадовая шматдзетная маці выкінулася з дзясятага паверху.

Пра гэта стала вядома толькі цяпер – праз 2 тыдні пасля трагедыі.

«Я вунь там стаяў у гэты час. Грукат пачуў, падбег. Яна ўжо тры разы рот раскрыла – і ўсё», – узгадвае сведка трагедыі Стэфан.

Запазычанасці за камуналку

Паводле Следчага камітэту, папярэдняя прычына смерці – суіцыд. Загінулая Алена была ў гасцях у сяброўкі. Кампанія выпівала. У нейкі момант жанчына выйшла на гаўбец і скочыла. Паводле сяброўкі Вольгі, Алена ў той дзень выпіла зусім трохі – нічога не прадказвала бяды.

«Яна ў той момант зусім ні пра што не думала. Калі б яна тады падумала, яна б гэтага не зрабіла – усё-ткі чацвёра дзяцей, куды іх потым? Праблемы… Праблемы ў нас усіх. Але не да такой ступені яна іх успрымала, каб былі ў яе суіцыдальныя настроі», – кажа Вольга.

Праблемы ж у сям’і загінулай сапраўды былі, аднак звязаныя зусім не з алкаголем. Паводле старшыні жыллёвага кааператыву, у Алены перыядычна ўзнікалі запазычанасці за камуналку.

«Спагнаць з яе мы не маглі, бо яна была ў дэкрэтным адпачынку, у шлюбе не была. Таму папярэджванні ёй перыядычна дасылалі. Прасілі аплаціць. Штосьці аплочвала… Ну, не надта вялікая запазычанасць была, але была», – кажа старшыня жыллёвага кааператыву.

Сям’я як сям’я

«Не буянілі, не дзебашырылі – звычайныя нармальныя людзі! Праблемаў з алкаголем за імі я не заўважала», кажуць суседзі пра сямʼю Алены. – «Усё акуратненька. І на вуліцы яны гулялі. Каб заўвагі нейкія – не было нічога такога наконт дзяцей».

«Дзякую Лукашэнку за такое жыццё»

Толькі за гэтыя паўгода ў медыі трапіў цэлы шэраг самагубстваў, учыненых літаральна па ўсёй краіне. У Гомлі скінулася з восьмага паверху індывідуальная прадпрымальніца Таццяна Дупанава, у Віцебскім цэнтры занятасці павесілася беспрацоўная жанчына, у Менску ўпаў з даху паэт Ігар Канановіч – гэтыя ды іншыя трагедыі лучыць адно: людзей давяла да адчаю беспрасветная эканамічная сітуацыя.

«Паводле статыстыкі, у розныя гады ад дзвюх да трох тысяч самазабойстваў у год – гэта тое, што мы фіксуем. Ёсць яшчэ і тыя, хто не да канца: чалавек застаўся жыць – гэта не раскрываецца. Яшчэ ёсць меркаванне, што ад двух да чатырох адсоткаў замоўчваецца», – кажа праваабаронца Алег Волчак.

А замоўчваць ёсць што. У гомельскай прадпрымальніцы перад самагубствам сканфіскавалі тавар, цкавалі падаткавікі. У віцебскай трагедыі, якой не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі чыноўнікі, паводле чутак фігуравала і цыдулка са словамі «Дзякую Лукашэнку за такое жыццё». Сваё крайняе нездавальненне палітычным ладам у краіне выказваў і паэт Канановіч.

«Пытанне да ўлады, і да чыноўнікаў, і да міліцыянтаў. Няўжо вы не разумееце, што вашыя паводзіны – бо законы часам нармальныя, гэта вашыя паводзіны анамальныя – прыводзяць да таго, што людзі робяць гэты апошні крок? Бо яны ў адчаі, яны ў безвыходнасці!», – задаецца пытаннем псіхолаг Людміла Мірзаянава.

Першая ў Еўропе

Зрэшты, пабачыць святло напрыканцы беларускага тунэлю сёння складана нават тым, хто далёкі ад думкі пра самагубства.

«Я думаю, цягам бліжэйшых двух гадоў лічбы павялічацца. Узрост пенсіяў паднялі, кватэры, якія яшчэ не прыватызавалі, перавялі ў камерцыйныя, – гэта толькі пачатак, бо маем тэндэнцыю неўладкаванасці. І беспрацоўе», – лічыць Алег Волчак.

Дарэчы, статыстыка фіксуе сярод самагубцаў усё большую колькасць менавіта моладзі. То бок тых, хто не толькі не вытрымаў грузу сённяшняе беларускае рэчаіснасці, але не пабачыў і будучыні ў гэтай краіне. Беларусь, еўрапейская лідарка паводле колькасці самагубстваў на душу насельніцтва, моцна трымаецца першага месца.

Валер Руселік, «Белсат»

Стужка навінаў