У затрыманых 29 красавіка ў Менску раварыстаў прайшлі вобшукі


На фота раварыст Аляксей, якога затрымалі 29 красавіка

Пра гэта паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org.

Станіслава Канавалава 30 красавіка прывялі дадому ў кайданках супрацоўнікі міліцыі. На вачах суседзяў, якія былі панятымі, правялі вобшук: шукалі флэшкі ды іншыя носьбіты інфармацыі. У выніку забралі дыск кампʼютара, пасля чаго зʼехалі разам з затрыманым. Аналагічныя падзеі адбыліся і з іншым затрыманым – Дзмітрыем Паліенкам.

Нагадаем, што вечарам 29 красавіка было затрымана не менш за шэсць раварыстаў – удзельнікаў роварнага заезду «Крытычная маса».

29 красавіка каля 35 чалавек сабралася каля Опернага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць пра правы раварыстаў на дарозе. На месцы збору былі заўважаныя 10 міліцыянтаў у цывільным, чатыры АМАПаўцы.

Ужо на дарозе раварыстаў падрэзаў бардовы мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі шэсць чалавек, у тым ліку і назіральніка БХК. Маладых людзей закінулі ў аўтобус тварам у падлогу, наносілі ім удары ў жываты і па тварах.

«Прыкладна а 23:30 аднаго з хлопцаў адпусцілі. Ён паведаміў, што затрыманымі застаюцца яшчэ пяць чалавек, усіх прымушалі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Двое хлопцаў адмовіліся гэта рабіць, у іх забралі асабістыя рэчы, у тым ліку шнуркі. Хлопцаў выпускаюць, з РУУС выкочваюць веласіпеды затрыманых. Але дваіх, што не падпісалі пратаколы, відавочна адвязуць у ЦІП», – распавядаюць праваабаронцы.

Чытайце таксама >>> У Менску міліцыя схапіла ўдзельнікаў велапрабегу, білі па тварах і ў жываты

ГУУС Менгарвыканкаму апублікавала ў сацыяльных сетках сваю версію інцыдэнту з групай веласіпедыстаў (тэкст публікуем у арыгінале): “У Театра оперы и балета собрались велосипедисты в количестве от 20 до 30 человек. Несколько из них имели при себе черно-зеленые флаги. Около 19.20 колонна направилась в сторону музея Великой отечественной войны. В районе стелы “Минск — город-герой” группа велосипедистов, грубо нарушая требования Правил дорожного движения, выехала на проезжую часть. На неоднократные требования сотрудников ГАИ (последние вынуждены были использовать звукоусиливающую аппаратуру и проблесковые маячки) не реагировали. При попытке пресечь противоправные действия и вернуть их на тротуар, нарушители правопорядка оказали неповиновение законным требованиям сотрудников милиции. А один из участников бросился в драку с сотрудником ГАИ, повредив ему форменное обмундирование. Шестеро зачинщиков драки были задержаны и доставлены в Центральное РУВД г. Минска для разбирательства. Их действиям дается правовая оценка. Более подробно о происшествии мы расскажем завтра утром”.

Разам з тэкстам апублікаваная фатаграфія падранай курткі супрацоўніка ДПС.

Глядзіце таксама >>> Раварыст паказаў свае пабоі. 29 красавіка яго моцна збілі АМАПАўцы

«Крытычная маса» – міжнародны рух веласіпедыстаў, якія збіраюцца ў сваіх населеных пунктах у апошнюю пятніцу месяца.

Паводле групы «УКантакце» «Наша справа», на 2 раварыстаў могуць завесці крымінальныя справы па артыкуле «Злоснае хуліганства». Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў