Ператрус на лецішчы і ў студыі блогера Сяргея Ціханоўскага


Ператрус на лецішчы Сяргея Ціханоўскага.
Фота: «Белсат»

На лецішчы блогера Сяргея Ціханоўскага пад Гомлем 3 чэрвеня адбываецца ператрус.

Як паведаміў прэс-сакратар штабу патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты і жонкі блогера Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў, на месцы ператрус знаходзяцца маці Сяргея Ціханоўскага і некаторыя ягоныя паплечнікі.

«Дакументаў мы ніякіх не бачылі. Вядома, калі адбываецца ператрус, павінна быць і санкцыя пракурора. І ўсё павінна быць у межах нейкай крымінальнай справы. Але пакуль у нас інфармацыі, што выстаўлена, паводле якога артыкулу, таксама няма», – адзначыў прэс-сакратар.

Міліцыя каля лецішча Сяргея Ціханоўскага.
Фота: «Белсат»

Паводле яго, адвакатка папярэдзіла, што ператрус магчымы і ўдома ў Святланы Ціханоўскай.

Hавiны
АБСЕ заклікала вызваліць Ціханоўскага і яго паплечнікаў
2020.06.03 14:37

«Ператрус ідзе проста зараз, таму звестак пра тое, што будзе забрана, няма. Як толькі пратакол вымання будзе на руках, мы будзем ведаць, што забралі», – падкрэсліў Аляксандр Кабанаў.

«Я не ведаю, якое дачыненне гэта мае да справы»

Вымаюць тэхніку, апаратуру. Былі знойдзеныя шмат дакументаў адносна прадпрымальніцкай дзейнасці блогера.

«Я не ведаю, якое дачыненне гэтыя дакументы маюць да гэтай справы пра нібыта збіццё міліцыянта. Яны спрабуюць гэтыя дакументы ўсе ўпакаваць, але пры гэтым акт вымання не складаюць. Дакументы ўпакоўваюць у агульныя каробкі, апячатваюць. Нашыя прадстаўнікі патрабуюць ад іх, каб яны ўсе дакументы перапісалі ў акт вымання. Звярнулі ўвагу на гэта панятых, што следчыя дзейнічаюць супрацьзаконна, на мой погляд», – адзначыў Андрэй Кабанаў.

Ператрус на лецішчы Сяргея Ціханоўскага.
Фота: «Белсат»

Таксама была знойдзеная пнеўматычная стрэльба.

«Звычайная пнеўматыка, звычайная цацка», – адзначыў прэс-сакратар.

Hавiны
Як сілавікі шукаюць людзей Ціханоўскага. Дзяўчына аднаго з затрыманых – пра падзеі ў Горадні
2020.06.03 11:43

Паводле яго, на ператрус прыехалі шмат машынаў, некаторыя з іх без нумароў.

«Калі людзі спыталі, чаму няма нумароў, ім адказалі, што, напэўна, згубілі. Вось паказнік працы нашых органаў. Ім можна ездзіць, выяўляецца, без нумарных знакаў і гэта для іх не ёсць парушэннем ПДР», – дадаў суразмоўца.

Паводле пададзеных дакументаў, ператрус праводзіцца на падставе таго, што блогера вінавацяць у збіцца міліцыянта.

Не толькі на лецішчы, але і ў студыі

У студыі Сяргея Ціханоўскага.
Фота: belsat.eu

Як паведамляе карэспандэнт «Белсату», ператрус адбыўся таксама ў студыі Сяргея Ціханоўскага. Само памяшканне зараз адчыненае і нават не апячатанае.

Дзверы ў студыі Сяргея Ціханоўскага пасля ператрусу.
Фота: belsat.eu

Пасле ператрусу на лецішчы сілавікі скіраваліся ў кватэру маці Ціханоўскага.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў