У Заслаўі п'яны школьнік на матацыкле ўрэзаўся ў машыну ДАІ


У ноч на 22 чэрвеня школьнік на матацыкле Днепр стукнуў службовы аўтамабіль ДАІ, разбіўшы машыне левую фару. У здарэнні ніхто не пацярпеў.

Перад сутыкненнем супрацоўнікі ДАІ пры дапамозе гучнагаварыцеля прапанавалі матацыклісту спыніцца. Але той праігнараваў праваахоўнікаў. Неўзабаве пасля ДТЗ школьніка затрымалі.

«Высветлілася, што за стырном мотатранспорта знаходзіўся нецвярозы 8-класнік, навучэнец адной са школаў Заслаўя. Хлопец ноччу з сябрам адзначаў сваё 15-годдзе. Паводле ягоных словаў, выпіў на дваіх літровую ўпакоўку пладова-ягаднага віна і ўзяў матацыкл, які раней іх кампанія купіла ў знаёмага. А пасля ДТЗ, кінуўшы транспартны сродак, прыбег дадому і лёг спаць. Супрацоўнікі ДАІ хутка вылічылі, хто быў за рулём, і патэлефанавалі маці падлетка. Яна і адвяла сына да праваахоўнікаў. Экспертыза паказала 0,74 праміле», – гаворыцца ў паведамленні УУС Менскага аблвыканкаму.

Школьнік парушыў шэраг правілаў дарожнага руху, прадугледжаных 7-ю артыкуламі КоАП. Але за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзіцяці паводле арт. 9.4 КаАП пакараюць яго маці, бо яна не перашкаджала паездкам сына, адзначаюць у міліцыі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў