У заказніку сацыялізму: як у Менску адзначылі афіцыйны Першамай


Раніцай у менскім парку Перамогі на святкаванне афіцыйнага Дня працы сабраліся больш за 5 тысячаў чалавек. У асноўным працаўнікі дзяржаўных установаў. Арганізатары імпрэзы, праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, у адрозненне ад незалежных прафсаюзаў, змаглі аплаціць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў.

Не зважаючы на намаганні дадаць сучаснасці ў выглядзе фудкортаў і фотазонаў, сёлетні Першамай прайшоў паводле стандартнай праграмы: афіцыёз, песні Дарафеевай і шашлык з півам для дарослых, пакуль дзяцей забаўляюць роставыя лялькі. Такі фармат святкавання «чырвоных дзён календара» ў Беларусі не змяняецца дзесяцігоддзямі.

Супрацоўнік АМАПа адсоўвае глядачоў ад сцэны. Ірына Арахоўская / Белсат

Аб 11:00 топ-чыноўнікі, сярод якіх міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, міністр культуры Юрый Бондар ды іншыя, з’явіліся ля стэлы «Менск – горад-герой». Іх сустракалі дзяўчаты ў дзелавых строях і выдавалі ім кветкі. «Мы не даем інтэрв’ю!» – схамянулася адна з іх, калі мы запыталі, якім чынам яна тут апынулася.

«Мы сябры БРСМ, ва ўніверсітэце папрасілі прыйсці. Нічога канкрэтнага не абяцалі, проста, маўляў, дапамажы нам, а мы потым табе», – распавяла дзяўчына побач. На пытанне, у чым сэнс Першамаю, яна адказаць не змагла.

Пад гукі аркестру, чыноўнікі з урачыста-жалобнымі тварамі павольна падняліся па прыступках, прайшоўшы праз аркі ў выглядзе чырвоных зорак. Чамусьці чырвоныя гваздзікі да вайсковага мемарыялу пастанавілі ўскладаць менавіта цяпер, хаця да Дня Перамогі застаецца больш за тыдзень.

Пагутарыць з прэсаю міністры не захацелі і адразу прайшлі да ўсталяванай у парку сцэны. Уваход туды адбываўся праз металашукальнікі і дагляд рэчаў, аднак журналісты і аператары дзяржаўных каналаў здолелі трапіць на пляцоўку без ніякага кантролю. Фота Ірына Арахоўская / Белсат

З усіх чыноўнікаў лаканічны каментар даў толькі старшыня ФПБ Міхаіл Орда. Ён заявіў, што ягоны прафсаюз выступае за «паступовую і прадуманую мадэрнізацыю прадпрыемстваў» ды супраць шокавых рэформаў у эканоміцы. Паводле Орды, у краіне выбудаваная дакладная сістэма сацыяльнага партнёрства паміж урадам і прафсаюзамі, якая прадугледжвае падвышэнне заробкаў працаўнікам.

«Мы адмовіліся ад канфрантацыі ды абралі шлях канструктыўнага дыялогу. Сітуацыя ў свеце пацвярджае слушнасць гэтага шляху, а канфлікты нясуць хаос», – сказаў Орда.

Міхаіл Орда, глава Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі дае каментар дзяржаўным СМІ. Ірына Арахоўская / Белсат

На пытанне, колькі ФПБ заплаціла за паслугі міліцыі, «хуткай» і камунальнікаў для арганізацыі «свята», Орда нам не адказаў, але ягоная прэс-сакратарка літаральна адцясніла журналістку «Белсату» ад свайго начальніка і сказала: «Я не завастрала ўвагі на гэтых коштах».

Першамай у Менску 2019. Ірына Арахоўская / Белсат

Сказалі: «Коля, ты трымаеш сцяг»

Тым часам вакол сцэны збіраліся людзі, яны падыходзілі калонамі пад сцягамі сваіх установаў. Шмат хто прыйшоў сюды добраахвотна – панастальгаваць па савецкім часе.

«Гэта ж нашая маладосць! Раней заўжды хадзілі на Першамай, вось і сёння прыйшла… Я працую ў лясгасе амаль 50 гадоў: умовы, безумоўна, хацелася б палепшыць, асабліва заробак. З іншага боку, трэба працаваць, а не ныць», – кажа па-святочнаму апранутая жанчына сталага веку.

Твары суразмоўцаў мы не паказваем, каб у іх на працы не узнікла непрыемнасцяў з кіраўніцтвам – раней такія выпадкі здараліся. Ірына Арахоўская / Белсат

У натоўпе заўважаем групку працаўнікоў заводу «Атлант». Сівы мужчына трымае вялізарны чырвона-зялёны сцяг.

«Я даўно працую на заводзе, кваліфікаваныя кадры з маім стажам атрымліваць 800 рублёў. Як пражыць на гэтыя грошы? Кепска. Хочацца мець хаця б абяцаную тысячу. Чаму я са сцягам? Сказалі: «Коля, ты трымаеш сцяг». Ну, вось і стаю, трымаю. Спадзяюся, хоць нешта за гэта пасля дадуць…»

Трапляюцца сярод прысутных і турысты з Расеі. Сям’я з Серпухава – муж, жонка і сын-школьнік – пастанавілі здзейсніць «паломніцтва» ў Беларусь да 9 траўня, паглядзець Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На лацкане джынсоўкі ў мужчыны – георгіеўская стужка, сын на памяць ведае гісторыю пра «дзеда, які ваяваў».

«Нам вельмі падабаецца, тут такія чыстыя вуліцы! Няма адчування, што прыехаў за мяжу. Толькі вось надпісы ў горадзе, праўда, па-беларуску, але ўсё збольшага зразумела, для нас не праблема», – кажа ён і знікае сярод намётаў з шашлыкамі.

Непадалёк навучэнцы механіка-тэхналагічнага каледжу ў касцюмах сыра, мяса і каровы рэкламуюць дасягненні харчовай прамысловасці. Чалавек у касцюме імбрыка. Першамайскае свята ў Менску 2019. Ірына Арахоўская / Белсат

Паабяцалі заплаціць па 10 рублёў кожнаму

Пакуль на сцэне Міхаіл Орда паўтараў сваю мантру пра «адмову ад канфрантацыі», моладзь разняволена бадзялася па пляцоўцы з колаю, бульбаю-фры ды паветранымі шарыкамі.

«Мы навучаемся ў МДПТК, каледжы лёгкай прамысловасці. За наведанне імпрэзы нам паабяцалі заплаціць па 10 рублёў кожнаму. У прынцыпе, ніхто не супраць: гуляць усё адно пайшлі б куды-небудзь, бо выходны, а так яшчэ зарабілі», – усміхаючыся, гаворыць хлопец у чорнай кофце, на ёй – налепка з надпісам «Мне неприятно».

Жанчына з прафсаюзу аграпрамысловага комплексу любоўна выкладае выразаныя з салямі кветачкі на торце з сала. Ірына Арахоўская / Белсат

Іншыя студэнты, напрыклад з МДЛУ, на з’яўленне журналістаў рэагуюць нервова: імгненна з-пад зямлі вырастае кіраўніца прафкому і пачынае запэўніваць, што ейнаму «актыву» ніякіх бонусаў за прысутнасць на Першамаі не абяцалі. Непадалёк навучэнцы механіка-тэхналагічнага каледжу ў касцюмах сыра, мяса і каровы рэкламуюць дасягненні харчовай прамысловасці. Жанчына з прафсаюзу аграпрамысловага комплексу любоўна выкладае выразаныя з салямі кветачкі на торце з сала.

Першамай у Менску 2019. Ірына Арахоўская / Белсат

Галубы таксама па 10 рублёў

Тым часам на сцэне пасля афіцыёзу пачынаецца канцэртная частка: пад музыку застаўкі расейскай праграмы «Время» выбягаюць артысты ў бела-чырвоных строях. Дзяўчаты гадоў дванаццаці з ярка нафарбаванымі тварамі танчаць перад чыноўнікамі, якія стаяць у першым шэрагу з такімі ж нязменна каменнымі тварамі.

Птушак Федэрацыя прафсаюзаў замовіла ў прыватнага заводчыка: выпусціць аднаго голуба каштуе 10 рублёў. Усяго галубоў пятнаццаць – у гонар 115-годдзя ФПБ. Фота belsat.eu
Першамай у Менску 2019. Ірына Арахоўская / Белсат

Перад тым, як (прадказальна) заспявала Ірына Дарафеева, дзеці выпусцілі ў неба белых галубоў. Галубоў дастаюць з драўлянай клеткі і, прытрымліваючы, за крылцы, даюць задаволеным малым, тыя ажно пішчаць. Пакружыўшы над паркам, некалькі белых птушак вяртаюцца і сядаюць на дрэва ля сцэны.

«Мы родились, чтобы строить и петь, быть всегда со своею страной, незавимость нашу сберечь!» – равуць дынамікі. Падлеткі размахваюць рознакаляровымі сцяжкамі. «Бачылі калі-небудзь Савецкі Саюз?» – пытае нас старэйшая калега-журналістка. «Не? Ну дык паглядзіце».

Першамай у Менску 2019. Ірына Арахоўская / Белсат

КА belsat.eu

Стужка навінаў