У Японіі пакараны смерцю заснавальнік і лідар рэлігійнай секты «Аум Сінрыкё» Сёка Асахара і 12 ягоных паплечнікаў.
У сакавіку 1995 года сектанты распылілі атрутны газ зарын у такійскім метро, у выніку чаго загінулі 13 чалавек і каля 6000 чалавек пацярпелі.
Усе прыгаворы прыведзеныя ў выкананне праз павешанне.
Рэлігійная секта «Аум Сінрыкё» была заснаваная ў 1987 годзе Сёка Асахарай. Колькасць сябраў секты, паводле розных звестках, дасягала ад 30 да 50 тысяч асобаў, з іх значная частка знаходзілася ў Расеі, дзе сектанты вялі актыўную дзейнасць.
Назва «Аум Сінрыкё» азначае «Найвышэйшая ісціна» або «Вучэнне ісціны». Першапачаткова яе вучэнне сумяшчала прынцыпы будызму і індуізму, а пазней і апакаліптычныя хрысціянскія прароцтвы.
Заснавальнік секты Сёка Асахара (сапраўднае імя – Тадзуа Мацумота) абвясціў сябе адначасова Хрыстом і першым чалавекам, які дасягнуў прасвятлення, пасля Буды.
Секта атрымала афіцыйны статус рэлігійнай арганізацыі ў Японіі ў 1989 годзе.
Адэпты «Аум Сінрыкё» сцвярджалі, што пасля Трэцяй сусветнай вайны выжывуць толькі члены секты.
У Японіі смяротныя прысуды не прыводзяцца ў выкананне да таго часу, пакуль у дачыненні да ўсіх абвінавачаных і саўдзельнікаў злачынства не прынята канчатковага рашэння, а прысуд не пройдзе ўсе апеляцыйныя інстанцыі.
Апошні судовы працэс у дачыненні да паслядоўнікаў секты быў завершаны ў студзені гэтага года пасля рашэння Вярхоўнага суда Японіі, які пакінуў у сіле прысуд аднаму з членаў «Аум Сінрыкё»– ён атрымаў пажыццёвы тэрмін.