«У яго не было страху». Тры гады пасля смерці Алеся Чаркашына


Патрыёт Беларусі, палітык і грамадскі актывіст, які не выпускаў з рук гітару і малітоўнік. Ён быў першы з беларусаў, хто загінуў на вайне Украіны і Расеі. Разам з бацькам Мікалаем узгадваем Алеся Чаркашына.

Тры гады таму Алесь Чаркашын быў моцна паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе, яго перавезлі ў вайсковы шпіталь. Перад смерцю ён яшчэ паспеў пабачыць сваю дзяўчыну, але 28 жніўня Алесь пайшоў з жыцця. Яму было ўсяго 33 гады.

Як малады беларускі патрыёт трапіў на вайну ва Украіне?

Алесь Чаркашын паходзіў з Берасця. Яшчэ да пачатку 2000-х ён быў сябрам патрыятычнай арганізацыі «Край», потым прыйшоў у «Зубр». Быў удзельнікаў усіх беларускіх Плошчаў. Пасля 2010 г. Алесь Чаркашын быў адным з арганізатараў берасцейскіх «маўклівых пратэстаў», кіраваў акцыямі Стоп-бензін у 2011 годзе. Некаторы час узначальваў партыю БХД у Берасці. У 2013 г. Чаркашын правёў сваю самую запамінальную акцыю ў Беларусі. У вопратцы прарока і з акрываўленымі рукамі ў ланцугах ён выйшаў пад будынак аблвыканкаму ў Берасці і заклікаў уладу і мінакоў павініцца ў грахах.

«Да Бога ён сам прыйшоў. Раней ён быў зусім іншым чалавекам. Быў у «Краі», «Зубры», апазіцыі. Ён цалкам прысвячаў сябе гэтай сферы. Ні з якой царквой ён не быў звязаны, а потым дзяўчына трапілася, якая прывяла яго ў царкву. Я думаў, што, калі ён звярнуўся да Бога, то з палітыкай будзе скончана. Але не. Як казаў Алесь, ён сумяшчаў прыемнае з карысным. Потым гэтая дзяўчына з’ехала з Берасця, а Алесь паехаў вучыцца ў Херсон. Іх дарогі разышліся, але верыць ён не перастаў», – распавядае бацька Алеся, Мікалай Чаркашын.

Да пачатку вайны Алесь Чаркашын вучыўся ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце ў Херсоне. На вайну пайшоў узімку 2015 году.

«Зразумела, што Алесь нам пра гэта нічога не казаў. Нікому нічога не казаў. Ён кіраваўся прыказкай: што ведаюць двое – ведае ўвесь свет. У нас уся сувязь праслухоўваецца. Алесь быў у апазіцыі не адзін год і выдатна гэта ведаў. З Беларусі яго б проста не выпусцілі. Ён заўсёды быў вельмі энергічны. Дапамагаў усім навокал, ніколі не мог на адным месцы сядзець. Вельмі высокае пачуццё справядлівасці ў яго было. Бясстрашны. Асабліва, калі пачаў верыць, то ў яго ўвогуле страху не было. Нават яго сябры ўзгадвалі, што, калі былі выбухі і ўсе хаваліся, ён ішоў усё роўна і пад абстрэламі кулямётаў выцягваў параненых», – узгадвае бацька Алеся.

Мастак Тарас Носар прадстаўляе карціну, якую намаляваў да Дня памяці Алеся Чаркашына

На вайсковай службе Алесь Чаркашын меў пазыўны «Тарас». Ён аказваў у асноўным медычную дапамогу і фактычна выконваў ролю капелана. Заўсёды насіў з сабой кішэнны Новы Запавет з надпісам «Беларусь, дзецям Божым у вечнасць». У вольныя хвіліны не выпускаў з рук гітару. Некалькі песень на беларускія вершы дагэтуль можна знайсці ў сеціве.

«Калі надзея памірае і ўжо не бачна, куды ісці. Калі ўсім целам адчуваеш нястомны боль сваёй душы. Калі ўжо сонца не памятаеш, а радасць – у сэрцы ўспамін. Тады аднойчы заўважаеш, што па жыцці ідзеш адзін. Не здавайся, не здавайся! Я з табою, ты не адзін. Не здавайся, не здавайся! Бог з табою, ты не адзін», – спяваў Алесь Чаркашын, трымаючы патрон замест медыятара. Гэтыя словы трапілі пазней на яго надмагільны помнік.

«Думалі, відаць, што збярэцца мітынг і ўсе пабягуць на плошчу»

Украінскія сябры Алеся з зоны АТА прывезлі яго цела ў Беларусь да бацькоў, на якіх ціснула КДБ. Асобы ў цывільным суправаджалі труну ад беларуска-ўкраінскай мяжы да самога пахавання.

«Гэта быў 15-ты год. Яны тады ўласнага ценю баяліся. Усё было пад кантролем. Ён прыносіў ім шмат клопатаў. Думалі, відаць, што нешта будзе. Што збярэцца мітынг і ўсе пабягуць на плошчу. Мазгоў жа няма, што гэта пахаванне. Тры гады мінула. Але зараз усё ціха пакуль. Ніхто не чапае. А тады, канешне было інакш. Вы сабе не ўяўляеце, колькі Алесь людзей вакол сябе збіраў. Ён круціўся сярод усіх: валанцёраў, жаўнераў, з усімі стасаваўся. Сябры яго і прывезлі. 10 машын было. Гэта ж такі кавалак дарогі, а яны ўсе кінулі свае справы і прывезлі…», – узгадвае спадар Мікалай.

«Засталася толькі памяць»

Пасля смерці Алесю Чаркашыну прысвоілі званне «Народнага Героя Украіны». Апроч таго ў Кіеве на вуліцы Беларускай быў усталяваны помнік добраахвотнікам, сярод якіх ёсць імя Алеся Чаркашына. Як распавёў бацька Алеся, пасля смерці сына ён таксама пачаў ездзіць ва Украіну.

«Ужо трэці год я прыязджаю туды, сустракаюся з яго сябрамі. Нядаўна была выстава, якую рабілі нашыя мастакі ў Песках. У нас яе забаранілі, хоць яна ўжо выстаўлялася ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску. У Кіеў заязджаў. Кветкі стаяць. Значыць, глядзяць людзі, памятаюць. Засталася толькі памяць. Яшчэ ў 2016-м годзе да нас прыйшоў ліст ад нейкай жанчыны. Яна пісала, што гэта ўсё не дарма. Што гэта быў ягоны ўнёсак, каб народ змяніўся. Што не кожны вернік-украінец пайшоў бы на вайну, а ён пайшоў. Шмат усяго сказана. Але тры гады прайшло, а ўсё, як нібыта ўчора было. Для мяне гэта рана, якая не загаіцца да апошняга дня. Цяжка, калі бацькі дзяцей хаваюць. Асабліва, калі нейкія надзеі ўкладваеш, а потым адным выбухам усё руйнуецца», – кажа спадар Мікалай.

Алесь Чаркашын быў пахаваны на могілках вёскі Камяніца Жыравецкая каля Берасця. Два гады таму на магіле Чаркашына быў усталяваны помнік, стылізаваны сімвалам трыяды: Бог, Бацькаўшчына, Служэнне».

Пасля смерці Алеся Чаркашына рэжысёр «Белсату» Антось Цялежнікаў выпусціў фільм, прысвечаны герою.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары