У вышуку па справах злачынстваў на Майдане знаходзіцца 91 чалавек


У вышуку па справах злачынстваў на Майдане знаходзіцца 91 чалавек, расследуецца больш за 100 крымінальных вытворчасцяў.

Пра гэта ў інтэрв’ю выданню «Тиждень» распавёў кіраўнік дэпартамента спецрасследаванняў Генпракуратуры Украіны Сяргей Гарбацюк.

«Цяпер у вышуку, калі гаворка пра справы, якія вядзе наш дэпартамент, знаходзіцца 91 чалавек. Мы расследуем усяго больш за 100 крымінальных вытворчасцяў. Гэта больш за 3,4 тысячы эпізодаў злачынных дзеянняў, якія абʼяднаны ў гэтыя вытворчасці», – сказаў ён.

Паводле яго словаў, гэтыя вытворчасці дэпартамент групуе па падзеях. Разгон студэнтаў 30 лістапада 2013 года, дзе было 130 пацярпелых, абʼяднаны ў адну вытворчасць. І так з усімі іншымі эпізодамі: падзеі на Грушэўскага і 18 лютага, штурм Майдана, расстрэлы 20 лютага, «цітушкі», забойствы і раненні праваахоўнікаў.

Гарбацюк паведаміў, што ў 2017 годзе ў суд паступіла 27 завершаных спраў, звязаных з падзеямі Майдана, аб падазрэнні паведамлена яшчэ 33 асобам.

Але на сённяшні дзень ніводнага абвінаваўчага прысуду няма.

Нагадаем, падчас пратэстаў на Майдане ў Кіеве з лістапада 2013 па люты 2014 загінулі больш за сто асобаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў