Шукаюць донараў крыві, якія перахварэлі на COVID-19


Мінаховы здароўя і донарскія ўстановы заклікаюць перахварэлых на COVID-19 да здавання крыві. Ілюстратыўны здымак: pixabay.com

У плазме крыві перахварэлай асобы могуць утрымлівацца антыцелы супраць каронавіруса. Такі метад ратавання цяжкіх хворых пры адсутнасць вакцыны – надзея на хуткую дапамогу. Пералітая кроў мае забяспечыць пасіўны імунітэт і паскорыць выздараўленне.

Такі зварот да тых, хто перанёс COVID-19, адрасавала Мінаховы здароўя, РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогіяў і Віцебская абласная станцыя пералівання крыві. Першыя заборы крыві адбыліся 17 красавіка.

Ларыса Гушчына, намесніца дырэктара па трансфузіялогіі ў РНПЦ. Фота суразмоўцы

«Ініцыятыва добрая. Вось акурат зараз сяджу на тэлефоне, занятая пошукам донараў. Донары не адмаўляюцца. Калі няма супрацьпаказанняў, яны да нас прыходзяць, мы іх даследуем, робім заборы. Плазма, як гарачыя піражкі, разлятаецца, не залежваецца», – кажа Ларыса Гушчына, намесніца дырэктара па трансфузіялогіі ў РНПЦ.

Самастойна знайшлі донара

Па дапамогу ў пошуках у рэдакцыю TUT.BY звярнуліся калегі 59-гадовага Аляксандра К.

У выніку донара знайшлі і ў сераду мужчыне зрабілі пераліванне крыві. Пра гэта нам паведаміла дачка пацыента:

«Пра самаадчуванне сказаць нічога нельга, бо пацыенты на ШВЛ маюць стан медыкаментознага сну, і камунікацыя з імі немагчымая. Згодна з медычнымі паказнікамі працэдура дакладна не нашкодзіла, хоць пра станоўчыя змены таксама казаць яшчэ рана. Нягледзячы на тое, што даследаванні гэтага метаду яшчэ не скончаныя, безумоўна, мы ўсе спадзяемся на лепшае».

Дзяўчына ведае толькі тое, што кроў прывезлі з Віцебску. Дачка кажа, што не каардынавала працэс, а толькі займалася распаўсюдам інфармацыі пра пошук донара. Бо перакананая, што гэта зверне ўвагу да неабходнасці масавага тэставання на вірус і на антыцелы.

«Вялікая колькасць людзей была б радая дапамагчы, таму што яны хварэлі чымсьці падобным па сімптомах да COVID-19, але інфекцыя не была пацверджаная лабараторна. Да таго ж не ўсе перахварэлыя афіцыйна перахварэлі ў Беларусі. Ёсць пэўная колькасць людзей, якія вярнуліся дадому, калі ўжо перанеслі вірус. Наколькі я ведаю, атрымалася знайсці мінімум аднаго такога чалавека, але ёй яшчэ рана рабіцца донарам. Я спадзяюся, у любым выпадку атрымалася прыцягнуць новых донараў, няхай нават патэнцыйных, і дзейнічаць разам з РНПЦ».

Усё толькі пачынаецца

«Плазма, як гарачыя піражкі, разлятаецца, не залежваецца», – кажа Ларыса Гушчына з РНПЦ. Ілюстратыўны здымак: pixabay.com

Даследаванні такога спосабу лячэння яшчэ не завершаныя, але РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогіяў спасылаецца на пазітыўны досвед Кітая, ЗША і краін Еўразвязу.

Донар павінен быць здаровы і не мець сімптомаў каронавіруснай інфекцыі на працягу 15 содняў. Паводле стандартаў, якія датычаць любых донараў крыві, узрост давальніка крыві мае быць 18-60 гадоў і вага, не меншая чым 50 кг. Ларыса Гушчына з РНПЦ паведаміла, што працэс здавання крыві такіх донараў нічым не адрозніваецца ад звычайнага, адзінае адрозненне, што глядзяць, ці ёсць антыцелы:

«Мы спраўджваем усе аналізы. І выдаем кроў згодна з паказаннямі, паводле заявак ад медычных установаў. Такая можа прыйсці да нас з любой вобласці. Ужо і там пачынаюць нарыхтоўваць. Толькі б гэта дапамагала. Нам дапамагаюць клінікі, дасылаюць спісы перахварэлых».

Донар крыві і плазмы. Ілюстратыўны здымак: pixabay.com

У Загадзе Міністэрства аховы здароўя напісана, што пабочныя эфекты пры ўжыванні імуннай плазмы анці-COVID-19 такія ж, як і пры ўжыванні іншых кампанентаў крыві. Намесніца дырэктара РНПЦ дадае, што працэдура бяспечная як для донара, так і для акцэптара, а каронавірус пры пераліванні крыві не перадаецца:

«Мы спадзяемся, што гэта дапаможа ў комплексе з усімі астатнімі мерапрыемствамі. Гэта абавязкова павінна быць у комплексе. Яшчэ не так шмат пералілі. Але ўлічваючы, што попыт ёсць, я думаю, што і эфектыўнасць папросту павінна быць!»

Ахвочыя быць донарамі звяртаюцца ў РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогіяў:

– дырэктар – Карпенка Фёдар Мікалаевіч

+375 29 188 71 08;

– намеснік дырэктара па трансфузіялогіі – Гушчына Ларыса Міхайлаўна

+375 17 289 86 56;

– лекар-трансфузіёлаг (загадчык) аддзялення нарыхтоўкі крыві, яе кампанентаў у выязных умовах Свірскі Антон Алегавіч

+375 17 289 87 41;

– лекар-трансфузіёлаг (загадчык) аддзялення камплектавання донараў крыві, яе кампанентаў з Адзіным донарскім цэнтрам Клястова Таццяна Віктараўна

+375 17 289 88 42;

Тэлефоны Адзінага донарскага цэнтру:

+375 29 362 82 93;

+375 17 289 84 84;

+375 17 289 86 43;

+375 17 289 01 08.

РНПЦ: каронавірус пры пераліванні крыві не перадаецца. Ілюстратыўны здымак: pixabay.com

Ларыса Гушчына таксама заахвочвае да звычайнага донарства:

«Людзі адгукаюцца, званкоў вельмі шмат. З усімі размаўляем, усім прапаноўваем. Акрамя пацыентаў з COVID-19 ёсць яшчэ пацыенты гематалагічныя, анкалагічныя, хто нараджае ці мае траўмы. Медыцына не стаіць на месцы, дапамагаць працягваюць. Таму калі ў іх няма антыцелаў ці яны не ведаюць, хворыя яны ці не хварэлі, мы ўсіх запрашаем быць папросту донарамі. Мы ўжо паглядзім, ці ёсць антыцелы, ці няма. У любым выпадку іх плазма будзе выкарыстаная для пацыентаў і гэта дапаможа».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў