У выніку выбуху на вайсковым аб’екце ў Расеі загінулі пяць працаўнікоў «Расатаму»


У выніку выбуху на сакрэтным вайсковым аб’екце ў паселішчы Нёнакса, што за 40 км ад Северадзвінску Архангельскай вобласці, загінулі пяць працаўнікоў дзяржаўнай карпарацыі «Расатам». Яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці, паведаміла прэс-служба карпарацыі.

У «Расатаме» адзначаюць, што здарэнне адбылося «пры выпрабаванні вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі».

«Трагедыя адбылася ў перыяд працаў, звязаных з інжынерна-тэхнічным суправаджэннем ізатопных крыніцаў харчавання на вадкаснай рухальнай устаноўцы», – паведамілі ў карпарацыі.

Нагадаем, выбух адбыўся 8 жніўня, спачатку Мінабароны Расеі паведамляла пра пра двух загінулых. Пасля здарэння прэс-служба адміністрацыі Северадзвінску паведаміла аб «кароткачасовым павышэнні радыяцыйнага фону». Праз павышэнне радыяцыйнага фону ў Архангельску і Северадзвінску мясцовыя жыхары раскупілі ўвесь ёд.

Мясцовае выданне 29.RU прыводзіць словы фізіка-ядравіка Дзмітрыя Гарчакова: ён ставіць пад сумнеў афіцыіную версію і лічыць, што скачка радыяцыі з-за выбуху падчас выпрабаванняў менавіта вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі быць не магло.

«Пры маім разуменні гэта немагчыма, – кажа Гарчакоў. – Калі меркаваць, што гэта рухавік ракеты, то там ніякай радыяцыі няма. Там выкарыстоўваюцца звычайныя, хоць і па-свойму небяспечныя хімічныя кампаненты. І выбух магчымы хімічны. Таму мне зусім незразумела, што магло быць крыніцай радыяцыі. Калі рухавік выпрабоўваюць, то без баявой часткі ракеты. Нават калі гэта рухавік для ракеты з ядравай боегалоўкай – начыння пры выпрабаванні ў такіх ракетах няма».

На вайсковым аб’екце ў Расеі адбыўся выбух, павысіўся радыяцыйны фон

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары