У выніку выбуху дрону ў Емене загінулі шэсць чалавек


выбух дрону ў Емене

Шэсць асобаў сталі ахвярамі выбуху дрону падчас ваеннага параду ўрадавых сіл у Емене. Такія дадзеныя са спасылкай на медычныя службы прыводзіць «Франс-Прэс». Начынены выбухоўкай з паражальнымі элементамі беспілотнік выбухнуў над крытай трыбунай на авіябазе ў вобласці Лахдж на поўдні краіны.

У зоне паражэння знаходзіліся чыноўнікі і афіцэры паведамляе «euronews». Сярод іх і вышэйшае камандаванне арміі прэзідэнта Абд-Рабу Мансура Хадзі. Параненыя намеснік галоўнакамандуючага і губернатар вобласці Лахдж. «Франс-Прэс» адзначае, што дрон не выклікаў падазрэнняў у вайскоўцаў: яны лічылі, што вядзецца відэаздымка параду з паветра.

Адказнасць за напад узялі на сябе хусіты, прыхільнікі Вярхоўнай Палітычнай Рады, якія вядуць вайну за кантроль над рэспублікай. Выбух прагрымеў пасля выступу спецпрадстаўніка генеральнага сакратара ААН у Емене Марціна Грыфітса, які на пасяджэнні рады бяспекі распавядаў, што бакі канфлікту ў цэлым выконваюць перамір’е на захадзе краіны і іншыя ўмовы пагадненняў, дасягнутыя на перамовах у Стакгольме.

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары