У выніку падатковага манеўра цэны на паліва ў 2019 годзе могуць вырасці на 5-7%


Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў, што ва ўмовах падатковага манеўру ў Расеі страты беларускіх НПЗ складуць $ 240 млн, неданалічэнне падаткаў у бюджэт складзе $ 143 млн, а рознічныя кошты на нафтапрадукты вырастуць на 5-7% у 2019 годзе.

Пра гэта ён заявіў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі 20 снежня.

«У Расеі ўводзіцца адмоўны акцыз для кампенсацыі стратаў НПЗ. У Беларусі такіх магчымасцяў няма. Нават ва ўмовах адмены акцызаў на нафтапрадукты для кампенсацыі стратаў НПЗ спатрэбіцца павелічэння коштаў на паліва. Гэта вядзе да дыспарытэту аптовых і рознічных цэн у Расеі і Беларусі», – заявіў віцэ-прэмʼер.

Ляшэнка падкрэсліў, што важна ўлічваць каціроўкі нафты. Дадзеныя разлікі прыведзены зыходзячы з сярэднегадовага кошту $ 60 за барэль.

«Цяпер сусветная цана нафты знізілася да $ 55-56 за барэль. Калі нафта не стрэліць да $ 70-80, то рост коштаў на бензін на 1 капейку да канца года спыніцца», – паабяцаў ён.

У гэтым годзе цэны на паліва змяняліся 27 разоў.

  • «Падатковы манеўр», які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў.
  • Намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко лічыць, што ў выніку падатковага манеўру расейскія нафтапрадукты могуць выцесніць беларускія на ўнутраным рынку Беларусі. «Калі ў іх вытворчасць нафтапрадуктаў будзе субсідавацца, а ў нас не, то ў нас будзе больш высокія кошты на нафтапрадукты, і тады расейскія нафтапрадукты будуць выцясняць нашыя на ўнутраным рынку», – тлумачыў Кійко.
ВІДЭА
У «Белнафтахіме» распавялі, што падатковы манеўр Расеі пагоршыць сітуацыю з цэнамі на паліва
2018.11.09 17:12

KA, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў