У выніку аварыі беларускага аўтобуса ў Чэхіі пацярпела 16 чалавек


Чэшскія медыкі аказваюць дапамогу беларусам, пацярпелым у выніку аварыі.

Агулам пацярпела 16 чалавек, 5 з якіх у цяжкім стане. Такія лічбы падала паліцыя чэшскага гораду Нахад Эва Прахаржава. Учора казалі пра 13 пацярпелых.

Параненыя знаходзяцца ў чатырох гарадах рэгіёну Градэц Кралавы: у самім горадзе Градцы Кралавэ, у Нахадзе, Трутнаве і Двары Кралавэ над Лабэм.

У шпіталі ў Градцы Кралавэ знаходзяцца 15-гадовы хлопец і дзяўчына, якія лічацца найцяжэй пацярпелымі. У дачыненні да хлопца на месцы аварыі лекары праводзілі рэанімацыйныя захады, у яго былі зламаныя некалькі рэбраў і пашкоджаныя лёгкія. На дадзены момант ён перабывае ў стане штучнага сну і падключаны да апарату штучнага дыхання. Пакуль што лекары не ідэнтыфікавалі гэтага хлопца, паведамляе «Радыё Свабода».

Лекары ў Градцы Кралавэ адзначылі, што, нягледзячы на тое, што Беларусь не зʼяўляецца сябрам Еўразвязу, беларускім пацярпелым аказваецца ў чэшскіх шпіталях поўная дапамога, якая належыцца грамадзянам Чэхіі.

У паліцыі ў Нахадзе паведамілі, што ў стасунку да кіроўцаў беларускага аўтобуса распачалі крымінальную справу паводле артыкулу, які гаворыць аб «пашкоджанні здароўя праз нядбаласць». У паліцыі патлумачылі, што алкагольны тэст у адносінах да кіроўцаў даў негатыўны вынік, а таму ў гэтай аварыі выключана наўмысная віна кіроўцаў.

Матэрыялы чэшскага расследавання аварыі, паводле адпаведных двухбаковых дамоўленасцяў, будуць перададзеныя ў Беларусь. Кіроўцы застаюцца ў Чэхіі.

Астатнія пасажыры аварыйнага аўтобуса, якія не пацярпелі і мелі кароткі прытулак у вёсцы Горжэчкі, зʼехалі адтуль на іншым беларускім аўтобусе, які па іх прыехаў.

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Стужка навінаў