У Вярхоўным судзе заявілі, што пратэсты супраць артыкулу 328 інспіруе «наркатычнае лобі»


Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч заявіў, што судовая ўлада супраць паправак у крымінальнае заканадаўства адносна «наркатычнага» арт. 328.

«Сапраўды, сёння ў парламенце знаходзяцца прапановы аб зніжэнні ніжняй мяжы пакарання з 5 да 3 гадоў пазбаўлення волі (па 2-й частцы 328-га артыкула) і з 8 да 5 гадоў пазбаўлення волі – па 3-й часткі. Мы не падтрымлівалі гэтыя змены, як і любыя іншыя карэкціроўкі антынаркатычных нормаў у заканадаўстве. Проста таму, што на сённяшні дзень лібералізацыя ў гэтай сферы не выклікана якой-небудзь неабходнасцю. Створаны механізм процідзеяння наркаманіі працуе вельмі эфектыўна, а ўсе пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе яго ўжывання, цалкам могуць вырашацца шляхам павышэння якасці следства і больш патрабавальных падыходаў да разгляду гэтых справаў у судах», – падкрэсліў ён у інтэрв’ю «СБ-Беларусь сегодня».

Аніскевіч заявіў, што бацькі, якія выступаюць супраць празмерна жорсткіх пакаранняў па арт. 328, «мімаволі гуляюць на руку наркабізнесу, становяцца жаўнерамі ягонага войска».

«Паводле некаторых ацэнак, у нашай краіне наркотыкі сталі самымі дарагімі сярод навакольных дзяржаваў. Таму што вельмі вялікая рызыка для збытчыкаў апынуцца ў калоніі на вялікі тэрмін. І я мяркую, што менавіта з мэтай змяніць гэтую сітуацыю ў сваю карысць наркатычнае лобі інспіруе грамадскую незадаволенасць, гуляючы ў тым ліку і на пачуццях маці асуджаных. Ідуць спробы дыскрэдытаваць праваахоўную, судовую сістэму», – заявіў ён.

На думку Аніскевіча, існыя антынаркатычныя меры даказалі сваю эфектыўнасць. «На наш погляд, адмяняць цяпер існыя суровыя меры пакарання нельга: паслабленне можа выклікаць не толькі адкат да ранейшай сітуацыі, але і ўсплёск нарказлачыннасці», – падкрэсліў ён.

Па словах Аніскевіча, Вярхоўны суд паставіў перад суддзямі задачу больш узважана падыходзіць да прызначэння пакаранняў тым, хто не звязаны з незаконным збытам наркотыкаў.

«Калі нейкая лібералізацыя і магчымая, то, на наш погляд, толькі ў дачыненні да спажыўцоў. Тых, хто зʼяўляецца хворымі людзьмі і мае патрэбу хутчэй у медыцынскай дапамогі. І толькі ў рамках існуючага заканадаўства. Судам рэкамендавана па магчымасці ўжываць да такіх асобаў пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Таксама ёсць задача больш шырока ўжываць падобныя ж меры да непаўналетніх», – падкрэскліў ён.

Нагадаем, у снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі ў Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў.

Між тым сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах.

Маці асуджаных па «наркатычных» артыкулах дамагаюцца зніжэння тэрмінаў пакарання і пераразгляду справаў. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне актывісткі руху «Маці-328» галадалі 14 дзён – з 27 красавіка па 11 траўня. Яны двойчы хадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд дэпутатам. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў