У Воршы прачыталі ліст беларусам з 1969 года. І напісалі новы – у 2069-ы


На мармуровай шыльдзе, закладзенай у сцяне будынку Аршанскага райвыканкаму, быў запавет ускрыць ліст 1 студзеня 2019 году. Улады ўскрылі яго толькі 8 студзеня. Фота – Orsha.eu

Пасланне пяцідзесяцігадовай даўніны было па-беларуску. Паведамленне нашчадкам напісалі па-расейску.

Паводле тэксту ліста, да жыхароў гораду звярталася ўсё 100-тысячнае насельніцтва тагачаснай Воршы.

«Ворша – нашая любоў, наш гонар, нашая баявая, рэвалюцыйная і працоўная слава. Для вас яна – гісторыя», – гаворыцца ў допісе, які агучыў старшыня райвыканкаму Ігар Ісачанка.

Радыё «Свабода» падае, што ліст напісаны па-беларуску, і некаторыя выразы маглі б прагучаць і ў прамовах сучасных чыноўнікаў:

«Мы завяшчаем вам: ганарыцеся горадам, які будавалі мы. Ён часцінка нашай Радзімы, а Радзіму трэба любіць».

Пасланне пачыналася віншаваннем «з вялікім святам 50-годздзя БССР і Кампартыі Беларусі», а заканчвалася зваротам да нашчадкаў, якія ў 2019 годзе мусілі б жыць у «светлай будучыні»: «Мы бачым у вас рысы людзей камунізму».

Гістарычны ліст і капсулу перадалі ў Музей гісторыі і культуры, а замест старой капсулы ў сцяну заклалі новую, з чарговым пасланнем да нашчадкаў, якое трэба будзе дастаць яшчэ праз 50 гадоў. Новае пасланне напісалі па-расейску.

Тэкст ліста быў агучаны, у ім гаворыцца пра надзеі на лепшае і перамогу над жыццёвымі цяжкасцямі. Але даведацца змест паслання змаглі толькі прысутныя на мітынгу. Як сказалі ў райвыканкаме, гэты тэкст нідзе друкавацца ня будзе.

Чыноўнікі спадзяюцца, што будынак прастаіць яшчэ 50 гадоў.

ДД

Стужка навінаў