У Воршы 70-гадовы пенсіянер пайшоў набыць прышчэпкі ды тры дні правёў у міліцыі


Гісторыю затрымання апісвае orsha.eu. Паводле інфармацыі сайту, 4 траўня мужчына пайшоў у паліклініку здаць аналізы.

Пазней на просьбу жонкі ён зайшоў у краму купіць прышчэпкі. Праз іх адсутнасць ён вырашыў пайсці ў іншае месца, але пачуўся блага. Мужчына вырашыў перачакаць галавакружэння і абапёрся на дом.

У гэты момант да яго падышлі два міліцыянты са словамі «О, наш кліент – не адэкватны». Праваахоўнікі не прадставіліся, узялі яго пад рукі і пачалі кудысьці весці. Мужчына абураўся і спрабаваў вырвацца, тады адзін з міліцыянтаў даў яму падножку. Пенсіянер паваліўся і страціў прытомнасць. Выкліканыя медыкі хуткай дапамогі зрабілі яму ўкол. Толькі тады ён апрытомнеў.

Мужчыну забралі ў РАУС, дзе склалі пратакол, які ён не змог прачытаць без акуляраў. Патэлефанаваць жонцы яму не дазволілі. У затрыманага ўзялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. Урэшце трое содняў ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, не ведаючы, за што яго затрымалі.

7 траўня мужчыну прывезлі ў суд і адпусцілі без разгляду справы.

У прэс-службе УУС Віцебскага аблвыканкаму belsat.eu гэтай інфармацыі не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі. Паводле кіраўніцы групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Вольгі Шкуратавай, такія звесткі «не да канца адлюстроўваюць рэчаіснасць». Неўзабаве ведамства абяцае падаць уласную версію падзеяў на афіцыйнай старонцы.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары