У войску Вітаўта не было беларусаў?


608 гадоў таму, 15 ліпеня 1410 году аб’яднанае войска вялікага князя Вітаўта і караля Ягайлы перамаглі войска вялікага магістра Юнгінена.

На поле бітвы паміж вёскамі Стэнбарк і Грунвальд выйшла 51 крыжацкая харугва. Супраць іх Польшча выставіла 50 харугваў, у якіх былі каралеўскія войскі і сілы васалаў з Мазоўша, Падоля, Малдавіі. Таксама былі чэшскія найміты. Вялікі князь літоўскі Вітаўт вывеў на поле бітвы 40 харугваў ліцвінаў, русінаў (з тэрыторыі сучаснай Беларусі, Украіны і Расеі) і Татараў.

Сярод войскаў Вітаўта было 10 харугваў сфармаваных на тэрыторыі сучаснай Беларусі: у Горадні, Берасці, Лідзе, Віцебску, Валкавыску, Оршы, Наваградку, Пінску, Полацку і Мціслаўлі. Але падчас сёлетняй 21 інсцэнізацыі бітвы пад Грунвальдам не хапіла рыцарства з гэтых земляў.

Дзе беларусы?

Каб знайсці ў Грунвальдзе беларусаў, нашым карэспандэнтам спатрэбілася некалькі гадзінаў. Іх пошукі ў рыцарскім лагеры – справа цяжкая. Войскі падзеленыя на харугвы згодна з тым, на якім баку яны змагаюцца або да якога роду войскаў яны належаць. Свае пошукі мы пачалі ў лагеры Харугвы Мазавецкай князя Януша, дзе звычайна жыла сям’я з Берасця.

– Год таму тут быў Зміцер. Але цяпер штосьці не прыехаў, – адказалі нам каля брамы.

Вартаўнікі накіравалі нас да Кракаўскай Харугвы ці Харугвы Вялікага Магістра, дзе павінныя быць «нейкія беларусы». Пайшлі туды, мінаючы намёт, у каторым адбывалася імша па ўзору 1410 году.

– Шукаеце беларусаў? Калі размаўляеце па-расейску, то ідзіце за мной.

– А пан каго рэканструюе?

– Я ліцвін, але граю крыжака. Беларусаў знойдзеце там.

Пад Грунвальдам трэба быць

Але ж і «там», у лагеры Харугвы святога Георгія, іх не было. Пад чырвоным штандарам з сонцам мы знайшлі ўкраінцаў. То рыцарскае братэрства «Князь» з Харкава, якое таксама стаяла на баку… крыжакоў. Мы запыталі іх, чаму яны не змагаюцца ў войску ВКЛ? Усё ж ж такі жывуць на былых тэрыторыях княства.

– Раней мы рэканструявалі Русь у XIII стагоддзі, можна сказаць, што гралі рускіх асілкаў. Але некаторы час таму мы вырашылі, што трэба штосьці памяняць. Цяпер інсцэнізуем XV стагоддзе ў Заходняй Еўропе, – распавёў нам кіраўнік клубу Ільяс Вышуцін. – Запрасілі нас да Харугвы святога Георгія, таму і граем крыжакоў. З большага і так выглядаем больш падобнымі на немцаў, чым на русінаў.

Украінцы спрабавалі нам патлумачыць, чаму мы не можам знайсці беларусаў.

– Грунвальд – гэта фэст, на якім трэба быць. Гэта найвялікшая штогадовая рэканструкцыя ў Еўропе, адна з самых вялікіх у свеце, – кажа заснавальнік «Князя», які далучыўся да размовы. – Аднак такіх імпрэзаў апошнім часам у рэгіёне даволі шмат, таму з кожным разам усё радзей на Грунвальдзе можна сустрэць расейцаў ці беларусаў.

Пачынаецца лівень, ужо трэць за дзень (да бітвы застаецца 4 гадзіны). Да нашых пошукаў далучаюцца палякі з Харугвы святога Георгія, у тым ліку і камандуючы Мацей Рэйгл.

– Нейкіх беларусаў знойдзеце ў Харугве Памезанскай, якая… Хутчэй, за Гоньчай… Трэба ўвайсці паміж Гоньчай і артылерыяй.

Крыжакі з Беларусі

Пасля двух гадзінаў пошукаў з’явіўся шанец знайсці «сваіх». Уваходзім у браму Харугвы Памезаньскай.

– Беларусы? Хіба яшчэ жывыя, бо ўчора з імі ноччу весяліліся, – кажуць рэканструктаркі-вартаўнічкі.

Рыцараў з Беларусі знаходзім пад намётам з бела-чырваномі мачтамі. Аднак аказалася, што яны таксама граюць «Тэўтонцаў».

– Нам было ўсё роўна, на якім баку быць. Нас запрасілі, мы прыехалі. Збольшага, гэта не быў наш выбар, – кажа беларускі крыжак.

Аднак нам падказалі, што суайчыннікаў, якія змагаюцца на баку Вітаўта, трэба шукаць у лагеры Падалян. Але там былі толькі ўкраінцы.

Войскі Вітаўта прывозяць

Пад Грунвальдам хапае ВКЛ.

– Войскі Вітаўта? Літоўскае войска прывозіць на бітву ганаровую варту. Выходзяць з аўтобусаў, апранаюць аднолькавыя даспехі і бяруць ідэнтычную зброю… Гэта трохі сорамна і не суадносіцца з гісторыяй, – кажа нам Мацей Рэйгл з Харугвы святога Георгія.

У інсцэнізацыі бяруць удзел літоўскія жаўнеры-кавалерысты, а на Помнікавым узгор’і паміж польскімі жаўнерамі і скаўтамі стаяць сябры літоўскай арганізацыі стральбы. Гэта яны трымаюць над полем бітвы харугвы з Пагоняй – афіцыяльнай ці неафіцыяльнай дэлегацыі з Беларусі няма.

Ёсць і «нашыя» беларусы

За 5 хвілінаў да пачатку бітвы нарэшце знаходзім беларусаў са шчытамі, на якіх знаходзяцца бела-чырвоныя шашкі. Рэканструктары з Менску яшчэ трэнуюцца перад вялікім сутыкненнем. Стаяць пра праваму боку, польска-літоўскаму, і маюць на сабе «болей усходнія» даспехі. Аднак граюць яны… палякаў, а войска Вітаўта для іх «дзесьці там».

Выглядае на то, што беларускім рэканструктарам бліжэй Польшча, Нямеччына больш прывабная, а гісторыя Вялікага княства літоўскага «дзесьці там».

ПЯ, belsat.eu

Стужка навінаў