У Віцебску вынесены чарговы смяротны прысуд


30 ліпеня Віцебскі абласны суд вынес чарговы смяротны прысуд – Віктару Паўлаву, якога абвінавацілі ў забойстве дзвюх пенсіянерак, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

Дзяржабвінаваўца запрасіў для падазраванага вышэйшую меру пакарання – расстрэл. Пракурор Віталь Сузанскі звярнуў увагу, што забойства было ўчыненае асобай, якая ўжо раней здзяйсняла забойства, і гэта ёсць абцяжваючым фактарам.

Папярэдняе следства інкрымінавала Паўлаву яшчэ і разбой (ч.3 арт. 207 КК), але пракурор прапанаваў перакваліфікаваць дзеянні абвінавачанага на ч.2 арт. 205 КК (Крадзеж).

Забойства было здзейсненае 30 снежня 2018 гадоў у вёсцы Прысушына Віцебскага раёну. Пяцідзесяцігадовы Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр-пенсіянерак і моцна іх пабіў. Пры гэтым зламыснік скраў грошы і некалькі бутэлек віна. Целы жанчын былі выяўленыя толькі праз некалькі дзён.

Абвінаваўца палічыў віну Паўлава даказанай. Дзеянні Паўлава былі кваліфікаваныя пракурорам як «асабліва небяспечны рэцыдыў злачынства».

Улічваючы ўсе акалічнасці справы, пракурор запрасіў прымяніць у дачыненні да абвінавачанага выключную меру пакарання – расстрэл (ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу).

У сваю чаргу, адвакатка Паўлава пераконвала судовую калегію, што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын, якая нібыта абражала абвінавачанага, бо мела прэтэнзіі да якасці пабудаванага ім хлява. На думку абаронцы, мэты забіваць жанчын абвінавачаны ня меў – проста прыйшоў набыць віна, якім гандлявалі жанчыны.

У сваёй прамове адвакатка звярнула ўвагу на памякчальныя абставіны: яе падабаронны супрацоўнічаў са следствам, напісаў яўку з павіннай, раскаяўся. Абаронца прасіла суд даць мужчыне яшчэ адзін шанец на выпраўленне і не прымяняць да яго выключную меру пакарання.

У апошнім слове абвінавачаны выказаў шкадаванне за ўчыненае, таксама папрасіў суд не прымяняць да яго найвышэйшую меру.

У гэтым годзе 9 студзеня агучаны прысуд жыхару Бабруйску Аляксандру Асіповічу. Яго звінавацілі ў двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах і прысудзілі да смяротнага пакарання.

Смяротныя прысуды і крытыка Беларусі

Толькі сёлета ў Беларусі было прыведзена ў выкананне прынамсі два смяротныя прысуды. 13 чэрвеня стала вядома пра расстрэл Аляксандра Жыльнікава. Імаверна, расстраляны і другі фігурант справы – Вячаслаў Сухарка.

Міжнародная супольнасць і праваабаронцы крытыкуюць улады нашай краіны за працяг практыкі смяротнага пакарання. Але афіцыйны Менск да гэтай рэакцыі не прыслухоўваецца.

 

Hавiны
Алена Анісім распрацоўвае закон на забарону смяротнага пакарання
2019.07.19 17:21

СК belsat.eu

Стужка навінаў