У Віцебску ўзнавілі справу пра абразу аўтараў «Белсату»


Уладзімір Лунёў

Віцебскі журналіст Уладзімір Лунёў, які супрацоўнічае з нашым тэлеканалам, здолеў дамагчыся, каб пракуратура паўторна разгледзела з’яўленне ананімага відэароліку з абразамі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Відэаролік, прысвечаны «выкрыццю фінансавання» нашага тэлеканалу, поўны асабістых зневажанняў нашых калег, з’явіўся ў інтэрнэце 28 траўня. У роліку фігуруюць імёны грамадскай актывісткі Таццяны Севярынец, а таксама журналістаў Алены Шабуні, Вячаслава Лазарава, Віталя Скрыля, Змітра Лупача і Уладзіміра Лунёва.

Апошні звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС са скаргай. Праз некалькі дзён справу закрылі, бо міліцыя не знайшла ў дзеяннях нявысветленай асобы складу правапарушэнняў.

Пасля гэтага Уладзімір Лунёў падаў скаргі ў гарадскую пракуратуру і абласное ўпраўленне міліцыі. Журналіст сцвярджае, што відэаролік мае абражальны змест і зневажае кожнага з памянёных асобаў. Таму дзеянні стваральнікаў і распаўсюднікаў падпадаюць пад артыкулы за абразу і паклёп.

Пракуратура адрэагавала на скаргу: у лісце за подпісам намесніка пракурора гораду гаворыцца, што праверка, праведзеная ўчастковым інспектарам, была няпоўнай. Матэрыялы вярнулі ў райаддзел для ўзнаўлення справы і дадатковай праверкі.

Уладзімір Лунёў перакананы, што знайсці вытворцу і распаўсюднікаў паклёпніцкага відэароліка з дапамогай сучасных камп’ютарных тэхналогіяў не складае вялікай праблемы:

«У скарзе я ўказаў спасылкі на віцебскія паблікі, якія размясцілі відэаролік. Адпаведна, яны распаўсюдзілі паклёпніцкія і абразлівыя звесткі, у сувязі з чым адміністратары мусяць быць пакараныя ў адпаведнасці з заканадаўствам», – цытуе Уладзіміра Лунёва «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Журналіст далучыў да скаргі спасылку на прыватны канал на YouTube, дзе размешчаны відэаролік. Ён мяркуе, што праваахоўнікам будзе няцяжка ўсталяваць IP-адрасы камп’ютараў, з якіх дасылалі гэты ролік.

Лунёў падзяліўся з участковым інспектарам сваймі прыватнымі меркаваннямі імавернага аўтарства роліка – пэўныя высновы журналісту дазваляе зрабіць яго прафесійная адукацыя відэааператара.

«Няцяжка ўстанавіць, і ўрэшце рэшт спыніць цкаванне журналістаў і грамадскіх актывістаў, якое апошнім часам у Віцебску набірае абароты», – мяркуе Лунёў.

Наш калега лічыць, што паклёпнікаў даўно пара спыніць, бо ў Віцебску ўжо не ўпершыню распаўсюджваюцца абразлівыя відэаролікі пра грамадскіх актывістаў і журналістаў. Але міліцыя ніводнага разу не знайшла аўтараў і распаўсюднікаў.

ДД

Стужка навінаў