У Віцебску судзяць бацюшку. Вінавацяць у сутэнёрстве


Сёння ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску пачнецца разгляд крымінальнай справы 39-гадовага святара з Расеі, якому прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт.14, ч.2 арт.171 КК Беларусі (замах на арганізацыю заняткаў прастытуцыяй, спалучаны з вывазам асобы за межы дзяржавы).

Слуханні будуць адбывацца ў закрытым рэжыме.

Святара з храму Святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградскай вобласці Мікалая Кірэева затрымалі 3 жніўня ў Віцебску. Па дадзеных следства, бацюшка з красавіка па жнівень 2017 гады вёў перапіску ў сетцы Інтэрнэт з двума жыхаркамі Віцебску. Калі ён атрымаў згоду апошніх на занятак прастытуцыяй за грашовае ўзнагароджанне ў горадзе Санкт-Пецярбургу, 3 жнiўня прыбыў у Віцебск з мэтай іх дастаўкі ў Расейскую Федэрацыю. Правёўшы некалькі гутарак з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі і дасягнуўшы дамоўленасці аб іх вывазе, а 19 гадзіне 30 хвілін мужчына быў затрыманы пры пасадцы ў аўтобус «Віцебск-Санкт-Пецярбург».

Паводле следства, Кірэеў перапісваўся і з іншымі беларускамі з мэтай прыцягнення іх у прастытуцыю на тэрыторыі РФ. Вербаванне разам з Кірэевым праводзіла 19-гадовая грамадзянка Таджыкістану, якую затрымалі ў Гомлі і ўжо прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў