У Віцебску прэзентавалі ўнікальны даведнік пра гарадскія музеі


Колькі музеяў у Віцебску? Калі вы думаеце, што прыблізна восем – то памыляецеся.

Музеяў у Віцебску больш за 100, і, калі б наведваць штодня адзін, госцю давялося б правесці там больш за тры месяцы. Але гісторык і краязнаўца Мікола Півавар у даведніку для турыстаў, які прэзентаваў учора, абраў абʼектамі сваёй увагі толькі 50 з іх – натуральна, самых цікавых.

Вось што распавядае Мікола Півавар:

«Вельмі цікавы музей, я б адразу раіў, гэта музей, я яго так назаву, кулінарнага мастацтва ў прафесійна-тэхнічным ліцэі N 3 па вуліцы Леніна, дзе з тэхнічнага воску, з парафіну робяцца макеты банкетных страваў. Ёсць там, канешне, і ўзорны шніцаль, як ён павінен выглядаць, ці каўбаскі па-магілёўску, але ёсць і вельмі шыкоўныя стравы – малочнае парася там стаіць, напрыклад, ці торт «Скрыпка Шагала», ці ружа. Здавалася б, самая звычайная ружа, а прыгледзішся – а яна зробленая з тоненькіх лустачак каўбаскі і сальца».

А каб пабачыць усе гэтыя дзівосы і, галоўнае, – знайсці да іх доступ і дарогу, не абыдзешся без даведніка Міколы Півавара «50 музеяў Віцебску». Гэта плён двухгадовай працы даследчыка, два гады таму ён выдаў навуковую манаграфію, дзе, паводле ўласнай класіфікацыі, налічыў у Віцебску больш за 120 музеяў, а цяпер – з’явілася і кніжка-даведнік, густоўна аформленая маладымі віцебскімі мастачкамі Настай Балотнікавай і Анжэлікай Гайцюкевіч.

Паводле аўтара, ягонай задачай было – распавесці пра музеі гэткім чынам, каб усім захацелася іх наведаць. Да таго ж, у даведніку – карысная інфармацыя, кантакты.

А грошы на выданне збіралі самі чытачы – праз краўдфандынгавую платформу. Гэта першы кніжны праект у Віцебску, прафінансаваны гэткім чынам.

Глядзіце таксама:

Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Стужка навінаў