У Віцебску працуе «партал у паралельны свет». Рэпартаж з незвычайнай выставы


Аляксандр Вышка

У Віцебску ўжо чатыры гады працуе «партал у паралельны свет і ў неверагодны свет святла».

Яго арганізаваў у калідоры ўласнай майстэрні мастак Аляксандр Вышка.

На выставе «13-ты цуд свету» – працы двух аўтараў: Аляксандра Вышкі і Дзяніса Праўды, які, на жаль, трагічна пайшоў з жыцця.

Наведванне выставы суправаджаецца экскурсам у свет творчага ўспрымання асобы, прастораў і прадметаў, што атачаюць яе. Асэнсоўваецца ўзаемадзеянне працэсаў праз арт-абʼекты, якія свецяцца.

Тут вы акунаецеся ў дзівосны свет святла.

Аляксандр Вышка працуе ў гэтай майстэрні з 1984-га года, і ён кажа, што гэтыя сцены шмат чаго бачылі і ведаюць. Выстава ў гэтым калідорчыку ўразіла не толькі жыхароў і гасцей Віцебску, але і пакінула след у еўрапейскіх медыях.

Журналісты «Euronews» зрабілі ролік, які разышоўся ў шмат якіх краінах і ў рэйтынгу праглядаў два тыдні займаў другое месца. Было шмат каментароў на розных мовах, у розных краінах. Цікавую рэч заўважылі на італьянскім форуме.

Універсальная мова мастацтва

Аляксандр Вышка распавядае:

«Калі хлопцы сталі чытаць, то сказалі, што там напісаная выдатная фраза: «З яйка ўсё пачынаецца, яйкам усё і заканчваецца». Я быў крыху ў шоку. Таму што я для сябе назваў «З яйка». У мяне ў свой час была серыя працаў «Яблыкі на воблаку», якая таксама звалася «З яйка». Яйка – гэта такая форма, такі прадмет, які прымушае над сабой думаць і нараджае шмат усякіх думак. Дарэчы, тут адна з працаў, «Захавальнік таямніц», там таксама залатое яйка, якое па-свойму абыгрываецца.

Гэта дзіўныя рэчы, калі ты ўкладаеш свае нейкія думкі, а іх на другім канцы планеты нехта бярэ – і прачытвае гэтую інфармацыю. Вось што такое ўніверсальная мова мастацтва».

Працы Аляксандра Вышкі можна параўнаць са слаістым пірагом

Аляксандр Вышка аформіў свае працы такім чынам і даў часовую назву гэтаму кірунку «Святло-дынамічныя абʼекты, святло-дынамічны жывапіс». Кажа, пакуль не атрымалася прыдумаць гэтай плыні кароткай і ёмістай назвы. Сэнс кірунку ў тым, што кожны мастацкі твор на пачатку стварэння мае на ўвазе яшчэ два іншыя станы, у якія ўкладзены іншы сэнс. Працы Аляксандра Вышкі можна параўнаць са слаістым пірагом.

«Гэта трохмернае ўспрыманне працы і першы момант у мяне трошачкі негатыўны. Я на першым пласце падымаю праблему. Вось як на працы «Зачараваны лес», прысвечанай экалогіі. Тут дрыяда і лес, які мутыруе. І, здаецца, бязвыхадная сітуацыя, але надыходзіць момант, калі дрыяда і лес пачынаюць свяціцца чароўным зялёным жывым святлом, і яны ажываюць. І калі чалавек на гэта глядзіць, у яго ўзнікае адчуванне, што не ўсё яшчэ страчана, і магчыма, ад яго залежыць, каб зноў жыццё вярнулася ў гэты лес, і каб прырода адрадзілася, і каб шмат з таго, што страчана, зноў набыло жыццё», – заўважае мастак.

Наступную выставу Аляксандр Вышка рыхтуе толькі для дзяцей

Цяпер у Аляксандра Вышкі ёсць яшчэ некалькі ідэяў, якія ён спрабуе рэалізаваць. Ён рыхтуе выставу толькі для дзяцей – хоча, каб малыя трапілі ў свет казак. Тут вісяць тры працы з казачнай серыі: «Захавальнік часу», «Захавальнік агню» і «Захавальнік таямніцаў». Цяпер робіцца чацвёртая – «Малы дамавік».

Толькі на гэтай выставе можна адпачыць на падлозе

У гэтым мастацкім калідорчыку падчас выставаў адбываецца шмат цікавых момантаў, пра якія кажа Аляксандр Вышка:

«Часам пытаюцца, ці можна пабыць тут даўжэй. Вядома. Часам гэта не 40 хвілінаў, часам гадзіну-паўтары, часам было і па 3 гадзіны. Былі моманты, калі маладыя хлопцы проста клаліся на падлогу і казалі, што будуць глядзець у космас, неба. Толькі адзінкі не вяртаюцца на гэтую выставу зноў і зноў. Сярод наведнікаў ёсць людзі, якія былі тут ад 4 да 7 раз».

Глядзіце таксама:

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў