У Віцебску школьнікаў пераводзяць на хатняе навучанне


У Віцебску, дзе медыкі пацвердзілі выпадак заражэння на каронавірус, некаторыя школы ў межах прафілактычных захадаў перавялі дзяцей на хатняе навучанне. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода».

Пра выяўленне каронавірусу ў Віцебску афіцыйна паведамілі 2 сакавіка падчас прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя. У гэты ж дзень у абласным цэнтры ўвялі дадатковыя захады бяспекі. У некалькіх школах гораду вучняў перавялі на хатняе навучанне.

«Гэта не каранцін, а прафілактычныя захады. Рашэнні ў справе пераводу дзяцей на хатняе навучанне прымае кожная школа самастойна. Таму ў аддзеле пакуль няма дакладнай інфармацыі. Перавод на хатняе навучанне можа закранаць не цалкам усю школу, але толькі некаторыя класы. Гэта прафілактычныя захады, якія ўводзяцца ў школах, дзе шмат дзяцей захварэлі. І гэта не звязана нейкім чынам з каронавірусам, але з сезоннымі віруснымі захворваннямі», – распавялі «Белсату» у аддзеле адукацыі Віцебскага гарвыканкаму.

Раней паведамлялася, што 11 навучэнцаў з школ Рэчыцкага раёну, якія ў складзе арганізаванай групы адпачывалі ў Італіі, па вяртанні ў Беларусь былі размешчаныя ў сацыяльна-педагагічны цэнтр Рэчыцкага раёну. Тут адмыслоўцы ў межах прэвентыўных захадаў вядуць маніторынг стану іх здароўя.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

2 сакавіка намесніца міністра аховы здароўя Наталля Жукава на брыфінгу ў Менску заявіла, што ў Беларусі тры зарэгістраваныя выпадкі заражэння на каронавірус. Два пацыенты з каронавірусам знаходзяцца ў Менску. Адзін – у Віцебску. Імаверна, што менскія пацыенты – студэнт БНТУ з Ірану і бацька ягонай нявесты. У Віцебску каронавірусам заразілася жанчына, якая працуе на Мехавым камбінаце. Нядаўна яна лятала ў Італію, дзе выяўлена некалькі сотняў выпадкаў інфікавання каронавірусам.

Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Яна заўсёды мусіць быць сухая.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!
ВІДЭА
Мінздароўя: у Беларусі тры выпадкі заражэння каронавірусам
2020.03.02 16:19

СК belsat.eu

Стужка навінаў