У Віцебску на блогерку завялі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады

У дачыненні да віцебскай відэаблогеркі Вольгі Жураўскай распачалі крымінальную справу за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Жураўскай пагражае да трох гадоў абмежавання волі, паведамляе «Віцебская Вясна».

Крымінальную справу супраць Вольгі Жураўскай распачалі ў аддзеле ўнутраных справаў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. Блогерку абвінавачваюць у парушэнні арт. 369 КК. Паводле заканадаўства, за публічную абразу прадстаўніка ўлады суд можа прызначыць пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі.

Падставай для крымінальнай справы стаў відэасюжэт, які Вольга Жураўская размясціла на сваім ютуб-канале. Пазней пад відэа з’явіўся каментар, у якім ёсць выказванні з негатыўнай ацэнкай старшага інспектара аддзелу аховы правапарадку з Віцебску маёра міліцыі Андрэя Шчаглова. На думку міліцыянтаў, Жураўская «публічна абразіла апошняга як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».

Блогерка лічыць, што міліцыянта Шчаглова абразіў верш у каментарах пад відэа. Пры гэтым Жураўская сцвярджае, што каментар апублікавала не яна. У снежні 2019 году блог «Здымаць дазволена» на youtube быў узламаны і Жураўская некаторы час не мела доступу да свайго акаўнту. Як раз у гэты час і з’явіўся абразлівы каментар. Пазней ён знік, але Вольга сцвярджае, што не мела дачынення да гэтага.

Міліцыянты першапачаткова распачалі правяранне паводле артыкулу 189 КК (Абраза). Пазней завялі крымінальную справу на падставе артыкулу 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады)

https://belsat.eu/news/zhyhara-babrujska-buduts-sudzits-za-abrazu-militsyyanta/

СК belsat.eu

Hавiны