У Віцебску дзяўчынка нарадзілася пад першыя радкі навагодняга гімну


Першыя ў Беларусі ў новым 2020 годзе нарадзіліся дзеці ў Віцебску і ў Ваўкавыску. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

У Віцебскім абласным клінічным радзільным доме першае дзіця нарадзілася ў 00.00.01 – з пачаткам выканання першага куплета афіцыйнага гімну Беларусі. Дзяўчынка стала першай у сваёй сям’і. Агулам у вобласці нарадзіліся ў навагоднюю ноч 6 дзяцей.

Амаль у гэты ж час дзяўчынка нарадзілася і ў Ваўкавыску, а неўзабаве і ў Горадні. Агулам у навагоднюю ноч на Гарадзеншчыне з’явіліся на свет 12 дзяцей – 7 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў.

У Менску першымі ў 2020 годзе нарадзіліся 9 дзяцей (6 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі), на Гомельшчыне – 5 дзяцей (3 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі). На Меншчыне на свет з’явіліся 2 хлопчыкі, яшчэ 3 (1 дзяўчынка і 2 хлопчыкі) нарадзіліся на Магілёўшчыне і 4 (2 дзяўчынкі і 2 хлопчыкі) – на Берасцейшчыне.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў