У Віцебску адрамантавалі ходнік, але стала яшчэ горш


У адным са спальных раёнаў Віцебску дарожныя службы зрабілі рамонт аварыйных ходнікаў. У выніку замест новых роўных дарожак мясцовыя жыхары атрымалі засыпаныя старым асфальтам ямы.

Замест новых роўных дарожак – засыпаныя старым асфальтам ямы.
Фота: Belsat.eu

Высыпалі стары асфальт наўпрост на зямлю

У Віцебску, па словах мясцовых жыхароў, 17 верасня арганізацыя «Гардармост» рамантавала частку ходніка на вуліцы Максіма Горкага побач з аўтобусным прыпынкам «Вуліца 9-ая Сацыялістычная». У якасці матэрыялу для рамонту дарожнікі выкарысталі адходы старога асфальту, якімі наўпрост засыпалі ямкі ходніку і нават не ўтрамбавалі.

Як можна хадзіць па такім асфальце?
Фота: Belsat.eu

– Дарожкі не асфальтавалі, а проста засыпалі адходамі былога асфальту. Як можна хадзіць па такім асфальце!? А грошы ж бюджэтныя, іх ніхто не лічыць! – скардзіцца «Белсату» мясцовы жыхар Мікалай.

Адрамантаваныя ўчасткі ходніка злучаюць пешаходны пераход з аўтобусным прыпынкам.
Фота: Belsat.eu

Адрамантаваныя ўчасткі ходніка злучаюць пешаходны пераход з аўтобусным прыпынкам. І для таго, каб сесці ў свой транспарт, мясцовым жыхарам даводзіцца дабірацца да яго па рыхлай сумесі асфальту, пяску ды камянёў. У выніку асобныя пешаходы стараюцца абыходзіць гэткі ходнік і ідуць наўпрост па дарозе, парушаючы правілы дарожнага руху.

– Гэта, канечне, не дарога. Тут цяпер хадзіць цяжка, а што будзе зімой, калі гэта ўсё пачне падмярзаць, усе гэтыя камяні і яміны? Пра гэта, як заўсёды, ніхто не падумаў, – каментуе мясцовая жыхарка Галіна.

Асобныя пешаходы стараюцца абыходзіць гэткі ходнік і ідуць наўпрост па дарозе.
Фота: Belsat.eu

Тыя ж пешаходы, якія ўсё ж такі ідуць па ходніку, наракаюць і скардзяцца на няякасна праведзены рамонт:

– Гэта яны [дарожнікі. – Belsat.eu] такі рамонт зрабілі? Адна назва. Як заўсёды, у нас усё праз адно месца робіцца… Я ў гэтым раёне не жыву, проста ў госці прыехала. Але калі б я тут жыла, я б таксама скардзілася на такія дарогі, – кажа жанчына.

Вось такі рамонт.
Фота: Belsat.eu

Прычына такога рамонту – адсутнасць грошай

Каб даведацца, ці плануюць дарожныя службы выпраўляць сітуацыю, мы звярнуліся па каментар у дзяржаўнае прадпрыемства «Гардармост» Віцебску:

– Усё правільна, рамонт яшчэ не скончаны. Мы проста стаім цяпер, у нас паліва няма, – каментуе сітуацыю майстар дадзенага ўчастка Сяргей Уладзіміравіч. – Яшчэ далей будзем падсыпаць стары асфальт, дзе вельмі глыбокія ямкі, а потым будзем класці новы асфальт. У сувязі з фінансавым становішчам у нас цяпер няма магчымасці працягваць работы.

Рыхлая сумесь асфальту, пяску ды камянёў.
Фота: Belsat.eu

Дарожнікі паабяцалі «Белсату», што скончаць рамонт ходніка цягам наступнага тыдня. Ці знойдуцца на гэта сродкі – невядома, але пакуль мясцовым жыхарам давядзецца пачакаць, прынамсі, яшчэ тыдзень.

Фота: Belsat.eu

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў