У Віцебску адбудзецца турнір па робататэхніцы


Заезды робатаў з перашкодамі і іншыя конкурсы пройдуць сёння на абласным турніры «Роба-АйЦі» у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. У ім бяруць удзел больш за 60 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў з усёй Віцебскай вобласці.

Арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкаму і ВДТУ, перадае БелТА.

46 камандаў будуць спаборнічаць у двух намінацыях: «Кегельрынг – вялікае падарожжа» і «Прытрымліванне па тонкай лініі». Удзельнікам трэба будзе, кіруючы робатам, пераадолець маршрут з нерухомай перашкодай і горкай. У іншай намінацыі неабходна выпхнуць невялікія кеглі за межы акрэсленага рынга. На выкананне кожнага задання адводзіцца пэўны час. Вынік пакажа сума балаў, заробленых пры выкананні заданняў.

Да робатаў маюцца тэхнічныя патрабаванні, у тым ліку па памерах і масе. Суддзямі будуць выкладчыкі і супрацоўнікі ВДТУ, спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў, робататэхнікі, аўтаматызацыі і мехатронікі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў