У віцебскім шматпавярховіку заліло пяць кватэраў, але людзі не могуць атрымаць кампенсацыі


Паводле пацярпелых ад залевы жыхароў, ЖЭУ не складае актаў заліцця. Ва ўстанове кажуць, што нічога страшнага няма.

Ноччу 16 ліпеня ў Віцебску ішоў моцны дождж, у выніку чаго затапіла пяць кватэраў у доме па праспекце Люднікава 16/1. І вось ужо паўмесяцы людзі не могуць дабіцца ад мясцовага ЖЭУ №14 складання акту заліцця.

Мужчына адправіў сям’ю да сваякоў, а сам разам з цешчаю пачаў выціраць ваду ды падстаўляць розныя ёмістасці, каб вада не цякла наўпрост на падлогу і мэблю. Фота прадстаўлена Русланам Сабчуком

«А 3:00 уначы пачало крапаць паміж плітамі з тэхнічнага паверху. Спачатку проста крапала. Я спусціўся да суседкі на 11-ты паверх, каб папярэдзіць, што ў яе таксама хутка пацячэ, а калі вярнуўся ў сваю кватэру, то вада ўжо цякла па сценах», – узгадвае здарэнне Руслан Сабчук, жыхар кватэры №203, што месціцца на апошнім 12-ым паверсе шматпавярховіку.

Руслан Сабчук, жыхар кватэры №203.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Руслан выклікаў аварыйную службу, але тая не прыехала – бо была ноч. Тады ён патэлефанаваў па нумары 115 – у адзіную дыспетчарскую службу ЖКГ. Аднак там таксама сказалі, што зараз ніхто не прыедзе, па той жа самай прычыне: ужо ноч. Але заяўку прынялі і параілі пачакаць раніцы, калі прыйдуць спецыялісты з ЖЭУ.

Гаспадару нічога не засталося, як толькі ратаваць сваю кватэру самастойна. Мужчына адправіў сям’ю да сваякоў, а сам разам з цешчаю пачаў выціраць ваду ды падстаўляць розныя ёмістасці, каб вада не цякла наўпрост на падлогу і мэблю.

«Раніцай цешча пайшла ў ЖЭУ, але гэта выніку не дало, ніхто да нас не прыйшоў. У кватэры пачало яшчэ больш цячы. Тады я сам схадзіў у ЖЭУ №14 і напісаў заяву, якую зарэгістравалі. Каля 11.00 да нас прыйшлі камунальнікі», – распавядае Руслан Сабчук.

У доме па праспекце Люднікава 16/1 у Віцебску заліло пяць кватэраў.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Праблему развязалі, заліўшы іншыя кватэры

Мужчыне патлумачылі, што ў доме забілася ліўневая каналізацыя. Супрацоўнікі ЖЭУ №14 ліквідавалі прычыну затаплення, а ваду з тэхнічнага паверху злілі наўпрост Руслану ў кватэру. Пасля гэтага затопленымі аказаліся кватэры з 12-га па 8-мы паверх. То бок залітымі апынуліся ажно пяць кватэр па аднаму стаяку. І толькі каля абеду 16 ліпеня ў кватэрах амаль перастала крапаць.

Акт заліцця кватэры дагэтуль не склалі

У выніку затаплення ў кватэры Руслана Сабчука адклеіліся шпалеры, пажаўцела столь, разбухла падлога ды мэбля. І паколькі затапленне адбылося не па віне жыльцоў дому, яны маюць права на кампенсацыю. Паводле Пастановы Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 траўня 2013 г. №399 «Аб зацверджанні правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў» для гэтага неабходна, каб супрацоўнікі ЖЭУ перш-наперш у дзень выяўлення здарэння склалі акт заліцця кватэры, а потым, не пазней за 20 дзён, – дэфектны акт. Аднак гэта чамусьці да сённяшняга часу так ніхто і не зрабіў.

Мужчына адправіў сям’ю да сваякоў, а сам разам з цешчаю пачаў выціраць ваду ды падстаўляць розныя ёмістасці, каб вада не цякла наўпрост на падлогу і мэблю. Фота прадстаўлена Русланам Сабчуком

«Колькі дзён я званіў у ЖЭУ №14 і пытаўся, калі яны прыйдуць скласці акт заліцця маёй кватэры, але мне казалі, што вядучага інжынера цяпер няма, а ў ЖЭУ пакуль багата работы ў іншых дамах», – наракае на сітуацыю Руслан Сабчук.

ЖЭУ: «Няма нічога страшнага»

«Белсат» звярнуўся наўпрост у ЖЭУ №14, каб яны самі пракаментавалі гэткую сітуацыю. Апынулася, праблема датычыць не толькі гэтага дому.

«У нас было 79 зваротаў па заліцці. А ў нас два майстры і адзін вядучы інжынер, менавіта яны ідуць на абследаванні, прыйдуць і да вас таксама. Няма нічога страшнага. Калі факт заліцця быў, яны прыходзяць, абследуюць і складаюць [акт. – Belsat.eu] у любым выпадку», – распавялі «Белсату» у ЖЭУ №14.

Аб’ектыў
У віцебскім доме з пашкоджанай праводкай цячэ дах. Чаму ЖЭУ не спяшаецца дапамагчы?
2019.07.24 21:49

«Нясвоечасовае складанне акту можа паўплываць на памер кампенсацыі»

Віцебская праваабаронца Ірына Траццякова ў гэткіх дзеяннях ЖЭУ №14 бачыць яўнае парушэнне правоў грамадзянаў:

«Паводле дзейнага заканадаўства акт заліцця кватэры складаецца неадкладна з моманту выяўлення. Так, цяпер камунальнікі самастойна страхуюць кватэры на апошніх паверхах дамоў. Аднак нясвоечасовае складанне акту заліцця кватэры ў далейшым можа паўплываць на памер страхавой кампенсацыі. У дадзенай сітуацыі я раю жыльцам у пісьмовай форме звярнуцца ў абʼяднаны ЖРЭТ гораду Віцебску і прапанаваць развязаць пытанне ў дасудовым парадку», – тлумачыць праваабаронца.

Руслан паказвае, што шпалеры падсохлі, але сляды ад падцёкаў на сценах засталіся.
Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

На думку Руслана Сабчука, неўзабаве іх можа затапіць зноў, бо літаральна праз тры дні пасля здарэння пайшоў моцны дождж, і на калідоры побач з кватэрай са швоў у плітах столі закрапала вада.

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў