У віцебскай дзіцячай паліклініцы № 2 з’явілася абʼява, на якой паведамляецца, што ў гэтай установе аховы здароўя выкарыстоўваюць карэйскую вакцыну «Эўпента».
Фота абʼявы ў telegram-канале «Витебск: ПДД, экология, архитектура» 22 кастрычніка апублікаваў Aleksey Andreyanov.
Пасля трагічнага выпадку ў Ганцавіцкім раёне ў Беларусі спынілі выкарыстанне толькі двух серый «Эўпенты».
Нагадаем, што карэйскую вакцыну, якая не была зарэгістраваная ў Беларусі, увезлі ў нашу краіну, каб «папярэдзіць развіццё надзвычайнай сітуацыі». Пра гэта сёлета паведаміла ўжо былая кіраўніца ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэвуцкая.
Пазней Рэвуцкую затрымалі. Яе падазраюць у хабарніцтве. Паводле Следчага камітэту, затрыманне не звязанае з скандалам вакол карэйскай вакцыны.
Паводле Міністэрства аховы здароўя, рашэнне набыць «Эўпенту» было прынятае пасля збою паставак расейскай вакцыны. Чыноўнікі з міністэрства сцвярджаюць, што «Эўпента» мае міжнародныя пацверджанні якасці (карэйская прышчэпка прайшла «перакваліфікацыю» (праверку) у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя).
ЮВ, belsat.eu