У Вільні з дакладнасцю на 95 адсоткаў знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага


У ліпені 2017 году падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі 20 асобаў. Нядаўна даследчыкі Віленскага ўніверсітэту прыйшлі да высновы, што сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў.

«Паводле нашай грубай ацэнкі, з дакладнасцю 95 адсоткаў мы можам пацвердзіць, што адны з гэтых парэшткаў належаць Канстанціну Каліноўскаму», – распавёў TUT.BY прафесар кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэту Рымантас Янкаўскас.

Сваю ацэнку даследчыкі называюць прыблізнай, паколькі парэшткі Каліноўскага не праходзілі генетычную экспертызу. Прычына ў тым, што ў паўстанца не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, якія маглі б здаць матэрыял для параўнання.

Да высновы, што гэта парэшткі менавіта Кастуся Каліноўскага, даследчыкі прыйшлі метадам выключэння ўсіх астатніх, а таксама з дапамогай супастаўлення ўзросту, спосабу пакарання, а таксама параўнання чэрапу і фотаздымкаў. Для гэтага навукоўцы правялі падрабязныя даследавання ўсіх астатніх парэшткаў. Іх вынікі прафесар называе максімальна дакладнымі.

«Або не супадаў узрост, або спосаб пакарання. Каліноўскі, напрыклад, быў павешаны, а трапляліся парэшткі расстраляных з раненнямі ў вобласці грудной клеткі. Некалькі чалавек ідэнтыфікаваныя на падставе генетычных аналізаў. У тым ліку па матэрыялах сваякоў, пахаванні якіх ёсць на могілках у Вільні. Для гэтага было зроблена чатыры эксгумацыі і ўзятыя пробы. Мы не спяшаліся з высновамі, пакуль не былі даследаваны ўсе астатнія. Цяпер мы маем звесткі па кожнаму», – дадаў навуковец.

Канчатковыя высновы даследчыкі зрабілі 2-3 тыдні таму, калі атрымалі апошнія звесткі генетычнага аналізу. Не выяўлены толькі парэшткі яшчэ аднаго паўстанца – Станіслава Ішоры.

«У нас ёсць генетычныя звесткі яго двух нашчадкаў па мужчынскай лініі, якія жывуць у Літве і Польшчы. Яны паказваюць, што ніводзін з гэтых 20 парэшткаў не належаць яму. Такім чынам, не хапае толькі Станіслава Ішоры», – кажа Рымантас Янкаўскас.

Адзін чалавек ужо быў ідэнтыфікаваны яшчэ да Каліноўскага. Ён быў пахаваны асобна ад астатніх. На яго правай руцэ археолагі знайшлі залаты пярсцёнак. На ўнутраным боку было напісана: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.». Зыгмунд Серакоўскі, адзін з лідараў паўстання 1863 года, быў жанаты на Апалоне Далеўскай. Таму быў зроблены выснова: гэтыя парэшткі, хутчэй за ўсё, належаць менавіта яму. Ідэнтыфікацыя Серакоўскага павялічвала верагоднасць таго, што непадалёку ад яго быў пахаваны яго паплечнік Каліноўскі.

Цяпер усе парэшткі захоўваюцца на факультэце медыцыны Віленскага ўніверсітэту. Пазней яны будуць перададзеныя дзяржаўнай камісіі, а затым пахаваныя ў капліцы на віленскім могілках Расу. Адбудзецца гэта пасля таго, як у капліцы скончыцца рэстаўрацыя.

Кастусь (Канстанцін) Каліноўскі – легендарны кіраўнік паўстання 1863 года на тэрыторыі Беларусі. У 26-гадовым узросце быў пакараны ў Вільні на Лукішскім пляцы.

Меркаванні
Ці вернецца Кастусь Каліноўскі ў Беларусь?
2019.02.04 19:00

СК, belsat.eu

Стужка навінаў