Маршалак Сената Польшчы пасля сустрэчы з Мясніковічам: Яны хочуць у Еўропу


28 ліпеня маршалак польскага Сената Станіслаў Карчэўскі сустрэўся ў Менску са старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам.

Падчас сустрэчы Мясніковіч анансаваў правядзенне ў Менску (11-12 верасня) Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савету Еўропы.

«Мы ўпершыню ладзім такое мерапрыемства. Гэта для нас велізарная адказнасць. 47 краінаў удзельнічаюць у гэтых важных інтэграцыйных структурах. У Польшчы ёсць добры досвед рэгіянальнага развіцця, менавіта ў гэтых пытаннях. Мы маглі б запазычыць ваш досвед, каб паспяхова працаваць», – заявіў падчас сустрэчы Міхаіл Мясніковіч.

«Польшча павінна адкрываць брамы для Беларусі. Яна гэтага хоча. Такую выснову я зрабіў пасля размовы старшынёй [Савету Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. – Заўв. Belsat.eu] і спадаром губернатарам Гарадзеншчыны.

Яны кажуць, што хочуць у Еўропу, хочуць супрацоўнічаць з Еўрапейскім Звязам і Польшчай. А Польшча можа быць акном для Беларусі ў супрацы з Еўропай», – заявіў журналістам маршалак Сенату пасля сустрэчы з Мясніковічам.

Неабходнаю ўмоваю для ўзаемавыгаднай супрацы прадстаўнік Польшчы назваў падыход беларускіх уладаў да польскай меншасці ў Беларусі.

Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць візіту Міхаіла Мясніковіча ў Польшчу ды перспектывы арганізацыі эканамічнага форума ў Беластоку.

ЮВ, pj, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары