У Венесуэле падчас пратэстаў загінулі 16 асобаў. МЗС Беларусі «з суперажываннем адсочвае сітуацыю»


Людзі загінулі падчас сутычак у некалькіх штатах, а таксама ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Пра гэта паведамляюць мясцовыя медыі.

175 чалавека затрыманыя, паведаміў у Twitter выканаўчы дырэктар няўрадавай арганізацыі «Венесуэльскі крымінальны форум» Альфрэда Рамэро.

Паводле назіральнікаў з няўрадавай арганізацыі «Цэнтр маніторынгу за сацыяльнымі канфліктамі» (OVCS), прычынай смерці большасці ахвяр сталі агнястрэльныя раненні. Паліцыя разганяе пратэстоўцаў слезацечным газам і гумовымі кулямі.

23 студзеня на заклік 35-гадовага лідара апазіцыйнай Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуаідо ў Венесуэле пачаліся масавыя пратэсты супраць прэзідэнта Нікаляса Мадура. Гуайдо абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта і хоча правесці новыя выбары.

ЗША, Бразілія, Канада, Калумбія, Аргенціна, Перу, Эквадор, Парагвай, каталіцкая царква афіцыйна прызналі Гуаідо легітымным часовым кіраўніком Венесуэлы.

Мадура абвесціў, што прыпыняе дыпламатычныя стасункі з ЗША і даў дыпламатам 72 гадзіны, каб тыя пакінулі краіну. Доналд Трамп, каментуючы магчымасць адпраўкі амерыканскіх вайскоўцаў у Венесуэлу, заявіў, што Вашынгтон гатовы разгледзець усе варыянты дзеянняў.

У Расеі, Мексіцы і Балівіі Гуаідо не прызналі. Кіраўніцтва Беларусі пакуль не выказалася на гэты конт.

«З суперажываннем адсочваем сітуацыю»

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы падзеі ў паўднёваамерыканскай краіне, сказаў, што «ў Беларусі з суперажываннем адсочваюць сітуацыю ў Венесуэле».

«Наша пазіцыя не змянілася. Мы з суперажываннем адсочваем сітуацыю ў Венесуэле. Лічым, што ўсе праблемныя пытанні павінны вырашацца самім венесуэльскім грамадствам і выключна шляхам мірнага дыялогу ў межах правага поля і Канстытуцыі. Венесуэльскі народ можа самастойна справіцца з цяжкасцямі без умяшання звонку», – заявіў прэс-сакратар.

Інцыдэнтаў з беларускімі грамадзянамі, паводле яго, не зарэгістравана.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў