У Венесуэле эканомяць на трунах і хаваюць у кардонных скрынях


У лацінаамерыканскай краіне знайшлі арыгінальны спосаб скараціць выдаткі.

Глыбокі эканамічны спад у Венесуэле выклікаў дэфіцыт сыравіны, інфляцыю з трыма лічбамі, даўгія чэргі, масавыя беспарадкі і рост злачыннасці. Цяпер прыйшоў час і на творчыя рашэнні. Два бізнесоўцы кажуць пра павелічэнне попыту на іх тавар – труну, «добрую сваёй цаной і карысную для экалогіі».

Тры гады таму Алехандра Блянчард і Эльё Ангулё стварылі біяраскладальную кардонную труну, тым самым заняўшы сваю нішу.

«Смерць абʼядноўвае масы. Гэта цана, якую людзі мусяць узяць на сябе, але яны ніколі да гэтага не рыхтуюцца. І так цяпер у Венесуэле: калі вы сутыкаецеся з гэтым, то бачыце, што рытуальныя паслугі каштуюць вельмі дорага. Такім чынам біяраскладальная труна, якая мае і экалагічную перавагу, зʼяўляецца добрым рашэннем», – адзначыў Блянчард.

Калі ў Еўропе і ў Злучаных Штатах Амерыкі біяраскладальныя труны ўжо былі ў трэндзе, то ў Венесуэле імі пачалі карыстацца толькі цяпер, калі шмат якія семʼі сутыкнуліся з эканамічнымі праблемамі.

Без вады і святла: як Венесуэла змагаецца з крызісам

Драўляная труна каштуе 280 тыс. балівараў (каля $ 280 ці ў 12 разоў больш за мінімальны заробак у краіне), а біяраскладальная – усяго толькі 65 тыс. балівараў (каля $ 65). Такім чынам такая труна дапамагае зрабіць пахаванне на 80 % таннейшым, заўважае ўладальнік адной з фірмаў рытуальных паслугаў.

Але Алехандра Блянчард, сямʼя якога шмат гадоў працавала ў пахавальным бізнесе, акцэнтуе ўвагу менавіта на экалагічнасці труны, якую прапануе.

«Мы арыентуемся на захаванне навакольнага асяроддзя. Для таго, каб зрабіць звычайную труну, высякаюцца тры дрэвы, у той час як на 100 біяраскладальных трунаў хопіць аднаго дрэва», – адзначае бізнесовец.

Нацыянальная палата, якая рэгулюе ў Венесуэле дзейнасць рытуальных кампаніяў, адзначае, што вытворчасць трунаў за апошнія месяцы скарацілася на 50 %, хаця колькасць пахаванняў павялічылася. Летась у выніку гвалтоўных злачынстваў загінулі прынамсі 11 тыс. асобаў.

Вырабленая з воданепранікальнага гафраванага кардону, біяраскладальная труна можа змясціць вагу 230 кілаграмаў. Вырабляецца за некалькі хвілінаў.

НМ, МЛ, belsat.eu

Фота ixn.news

Стужка навінаў