У Ваўкавыску ўсталююць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц


Ваўкавыск

У Ваўкавыску вызначылі спіс з 12 вуліц, якія павінныя займець шыльды з гістарычнымі назвамі.

На сесіі Ваўкавыскага раённага Савету дэпутатаў 26 траўня разгледзелі выкананне рашэння райсавету ад 27 лютага 2017 г. № 129, згодна з якім адпаведныя інстанцыі і ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна павінны былі ўстанавіць назвы асноўных вуліц Ваўкавыску з улікам гістарычных перыядаў.

Таксама рашэнне абавязвае вызначыць некалькі будынкаў у гістарычным цэнтры гораду і ўдакладніць, якія абʼекты размяшчаліся ў гэтых будынках у розныя гістарычныя перыяды.

Ваўкавыскім камунальнікам загадалі знайсці магчымасць для вырабу таблічак на вуліцах і будынках Ваўкавыску і карты-схемы гораду і размясціць у цэнтральнай частцы райцэнтру.

У пералік увайшлі дванаццаць вуліц: завулак і вуліца К. Маркса, вуліцы Баграціёна, Дзяржынскага, Жолудзева, Чырвонаармейская, Кутузава, Леніна, Мядзведзева, Панковай, Перамогі і Савецкая. Тапанімічная камісія вызначыць вуліцы, на якіх будуць усталяваныя таблічкі, а таксама мову, на якой будуць зробленыя надпісы.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле volkovysk.by, фотаздымак fotobel.by

Стужка навінаў