У Ваўкавыску невядомыя ў масках хацелі абрабаваць дом


Невядомыя ў масках уварваліся ў прыватны дом у Ваўкавыску і запатрабавалі ў гаспадара грошай. Іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі, паведамляе БелТА.

Увечары 20 лістапада ў міліцыю звярнуўся 56-гадовы мужчына. Ён распавёў, што ў ягоны дом уварваліся невядомыя ў масках. Налётчыкі пагражалі гаспадару прадметам, падобным да пісталета, гвалтоўна ўтрымлівалі яго ў кухні, патрабавалі грошай. Адзін з рабаўнікоў ударыў мужчыну. Забраўшы з яго курткі Br400, невядомыя ўцяклі.

На наступны дзень, 21 лістапада, у здымнай кватэры супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя ўсе трое падазраваных – хлопцы 19, 18 і 17 гадоў. Адзін з іх паказаў месца, дзе праваахоўнікі выявілі тры маскі з прарэзамі для вачэй, прадмет, падобны на пісталет, а таксама частку грошай.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Следчы камітэт

Ваўкавыскі раённы аддзел СК распачаў крымінальную справу па ч.2 арт.207 КК (разбой, здзейснены з пранікненнем у жыллё, групай асоб). Высвятляюцца ўсе абставіны здарэння, у тым ліку прычыны і ўмовы, якія спрыялі здзяйсненню злачынства.

Вядома, што ў пацярпелага некалькі месяцаў таму памерла маці. У спадчыну яму дасталіся грошы. Паводле звестак міліцыі, мужчына не раз клікаў да сябе дадому гасцей і падчас ужывання спіртнога распавядаў пра гэта. Інфармацыя праз трэціх асоб дайшла і да маладых людзей, якія вырашылі здзейсніць разбой.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары