«У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі». Вольга Севярынец звярнулася да сілавікоў

Вольга Севярынец – жонка апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца – звярнулася да сілавікоў з заклікам не выконваць злачынныя загады і далучацца да тых, хто цяпер выходзіць пратэставаць на вуліцы.

Свой відэазварот яна апублікавала ў Фэйсбуку.

https://www.facebook.com/vola.sieviaryniec/videos/2851335994976862/

«Я, жонка Паўла Севярынца, якога ўжо 18 сутак ні за што трымаюць у нечалавечых умовах у карцары на Акрэсціна, звяртаюся да супрацоўнікаў міліцыі, судоў, ізалятараў і міністэрстваў. Я ўсё яшчэ веру, што сярод вас таксама ёсць сумленныя людзі. Я бачу, як вы апускаеце вочы на незаконных судах, як у вас дрыжаць рукі, калі прыходзіш да вас са скаргай, я бачу на вашых руках заручальныя пярсцёнкі, значыць дома вас таксама чакае сям’я, і я ўпэўнена, што для сваіх жонак і дзяцей вы б хацелі быць прыкладам. Я хачу сказаць: дзе б вы ні працавалі, спосаб застацца чалавекам ёсць заўсёды. Можна занесці асуджанаму ў карцар бутэльку вады, не выганяць родных з залі суда, не адпраўляць сфабрыкаваную справу на дапрацоўку, адвярнуцца, прамаўчаць, захварэць, звольніцца», – кажа яна.

Вольга Севярынец канстатуе, што ўлада «робіць беззаконне»: саджае невінаватых на суткі, катуе іх па карцарах, раздае несправядлівыя прысуды і г.д.

«І гэтае безаконне робіцца вашымі рукамі. Скажыце, вам гэта трэба? Гэта трэба вашым сем’ям? Гэта трэба вашым дзецям? Нягодны ўчынак нельга апраўдаць загадам. Ілжэсведчанне, хлусня, збіццё і катаванне беззабаронных – учынкі, нявартыя ні сапраўдных мужчын, ні жанчын. Вы цудоўна ведаеце, што людзі, якія зараз выходзяць на вуліцы, не жулікі і не бандыты, мы адукаваныя сумленныя людзі, у якіх забралі права выбіраць. І мы не хочам больш баяцца, што за наша меркаванне ў нас забяруць дзяцей, мы не хочам чакаць месяцамі сваіх мужоў з сутак, мы не хочам адусюль цярпець недагаворкі і здзекі. Мы хочам траціць свае сілы на іншае», – адзначае жонка палітыка.

Вольга Севярынец заклікае сілавікоў і суддзяў не баяцца:

«У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі. Проста станьце з намі ў адзін шэраг, будзьце ўпэўненыя – людзі вас не пакінуць. І не думайце, што ад вас нічога не залежыць, зараз час, калі ад кожнага беларуса залежыць усё».

Севярынец парэзаў руку на знак пратэсту супраць катаванняў. Яму далі яшчэ 15 содняў

  • У чэрвені пакараныя адміністратыўным арыштам актывісты сталі заяўляць пра катаванні ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. У зняволеных адбіраюць матрацы і асабістыя рэчы, кідаюць у карцары, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры штодня выліваюць вядро з хлёркаю.
  • Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня. З гэтага часу яму ўжо некалькі разоў дадавалі новыя адміністратыўныя арышты. Падчас суду 18 чэрвеня ён распавёў, што на наступны дзень пасля затрымання яго кінулі ў карцар: ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзін, пакой 2 на 3 метра, вельмі холадна. «Забралі зубную пасту і шчотку. Тут няма вады наагул, яна адключаная. [Таму] мне давялося рэзаць вены, пратэстуючы. Ніколі такога не было на «сутках», – заявіў ён. У знак пратэсту супраць катаванняў Севярынец парэзаў сабе руку.

Асуджаныя на содні кажуць аб катаваннях у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны