У Варшаве зладзілі акцыю дзеля падтрымання Кірыла Сілівончыка


Грамадзяне Беларусі і Украіны сабраліся тут – каля расейскай амбасады ў Варшаве, каб падтрымаць Кірылу Сілівончыка. Месяц таму расейскі суд прысудзіў яму два гады зняволення за праяву салідарнасці з Украінай.

Салідарнасць палягала на тым, што маладзён, які працаваў на расейскім абаронным заводзе, размясціў у сваім акаўнце ў інтэрнэце шэраг патрыятычных беларускіх і ўкраінскіх матэрыялаў.

Гэткая салідарнасць вельмі патрэбная Кірылу. Арганізатарамі пікету выступілі рух салідарнасці «Разам» і «Еўрамайдан Варшава». Удзельнікі заклікалі ўлады Расеі вызваліць Кірылу Сілівончыка.

ВЯЧАСЛАЎ СІЎЧЫК, РУХ «РАЗАМ», АРГАНІЗАТАР АКЦЫІ:

«Вельмі хацелася б, каб гэтая акцыя дапамагла Беларусі і беларусам наладзіць нармальную кампанію ў абарону Кірыла Сілівончыка, уся віна каторага толькі ў тым, што Пуцін пачаў вайну ў Украіне».

Кірылу Сілівончыка арыштавалі летась 18-га снежня. Месяц таму Маскоўскі акруговы суд прысудзіў яму 2 гады зняволення ў калоніі-паселішчы. У перапосце пра падтрыманне Украіны расейскія ўлады пабачылі публічны заклік да тэрарызму.

РАМАН КОРБУТ, «ЕЎРАМАЙДАН ВАРШАВА»:

«Ён ніколі не быў ва Украіне, але ён за яе выступаў. Я ніколі не быў у Беларусі, але калі я гляджу на гэтых апазіцыянераў, я адчуваю іх любоў да іх краіны. І для мяне Беларусь стала вельмі роднай дзяржавай».

Не пакінулі без увагі і грамадзянаў Украіны, якія таксама застаюцца ў Расеі пад вартаю, гэта лётчыца Надзея Саўчанка, кінарэжысёр Алег Сянцоў і Мікола Карпюк, адзін з лідараў нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО.

РАМАН КОРБУТ, «ЕЎРАМАЙДАН ВАРШАВА»:

«Вызваляйце палітвязняў! І, калі ласка, лічыцеся з тым, што Украіна і Беларусь – гэта незалежныя дзяржавы».

Пікетоўцы не выключаюць, што да Сілівончыка маглі прымяняць карныя метады, каб змусіць прызнаць віну.

Таксама прысутныя заклікалі ўлады Беларусі этапаваць маладзёна на радзіму і вызваліць паводле амністыі. Але беларускі бок на гэтыя заклікі не рэагуе. Як не рэагуюць і расейскія дыпламаты, якія за час акцыі гэтак і не выйшлі да людзей.

Акрамя праявы салідарнасці акцыя каля брамы амбасады для нас беларусаў адметная і павагай да грамадзянскіх правоў. Мясцовыя праваахоўнікі ўважліва назірали, але не перашкаджалі канстытуцыйнаму праву на свабоднае выказванне меркавання.

Ганна Аземша, belsat.eu

Стужка навінаў