У Варшаве падтрымалі ўкраінскіх вязняў Крамля

У польскім Сейме адкрылася выстава малюнкаў былога вязня Крамля Рамана Сушчанкі «Мастацтва за кратамі». На імпрэзе украінскі журналіст, які амаль тры гады правёў у расейскай турме, распавёў пра свае творы. Госці імпрэзы напісалі лісты іншым палітвязням Расеі.

Журналіста агенцтва «UKRINFORM» Рамана Сушчанку затрымалі ў Маскве ў 2016 годзе. Яго абвінавацілі ў шпіянажы і асудзілі на 12 гадоў турэмнага зняволення. Сваёй віны мужчына не прызнаў. Журналісцкая супольнасць патрабавала яго вызвалення.

Раман Сушчанка распавядае пра свае малюнкі за кратамі. Фота: Belsat.eu

На свабодзе журналіст апынуўся пасля абмену ў верасні мінулага году Расеяй і Украінай 35 вязнямі.

Падчас знаходжання за кратамі Раман Сушчанка маляваў. Ягоныя працы цяпер можна пабачыць у Польшчы на выставе «Мастацтва за кратамі», падчас адкрыцця якой сам аўтар распавядаў гісторыі і акалічнасці з’яўлення кожнага малюнку.

«На маю думку, галоўная місія, мэта – гэта чалавечае вымярэнне. Палітычны сігнал – гэта так, істотна. Але галоўнае – чалавечае вымярэнне. Бо жыццё працягваецца і за кратамі. І калі чалавек атрымлівае лісты, то ён атрымлівае імпульс надалей жыць, змагацца. Гэтак жа сама з падтрыманнем з боку сямʼі. Мая жонка з дачкою былі на адкрыцці выставы. І калі я прыбыў на выставу – гэта проста незвычайныя адчуванні. Яны мне апісвалі, з кім камунікавалі, з кім перапісваліся, якая вялізная ўвага з боку польскага народу. Людзі камунікуюць паміж сабою і потым дасылаюць лісты вязням. І нават простыя некалькі словаў кшталту, трымайцеся, мы з вамі ці нешта яшчэ – гэта надзвычай важна для вязняў», – адзначыў «Белсату» журналіст Раман Сушчанка.

Польскія палітыкі падпісваюць лісты вязням Крамля. Фота: Belsat.eu

Да гэтага часу за кратамі ў Расеі застаюцца грамадзяне Украіны. Мэта падобных мерапрыемстваў у тым, каб прыспешыць вызвалення палітычных вязняў, падтрымаць тых, хто цяпер у зняволенні. Менавіта таму госці імпрэзы напісалі і падпісалі лісты палітычным зняволеным.

«Гэта важна дзеля падтрымання палітвязняў, бо такія захады кропля за кропляй точаць мур. І ўрэшце, у выніку супольных захадаў нам удалося вызваліць палітвязняў у мінулым годзе. Але і надалей у турмах застаюцца шмат людзей, якіх неабходна вызваліць, бо яны без падставаў застаюцца за кратамі ў Расеі. Акрамя таго, Польшча прадэманстравала, што Украіна не застаецца сам-насам з расейскай агрэсіяй», – патлумачыў у каментарыі «Белсату» неабходнасць падобных мерапрыемстваў амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дэшчыца.

Раман Сушчанка распавядае пра свае малюнкі за кратамі. Фота: Belsat.eu

Летась малюнкі Рамана Сушчанкі выстаўляліся ў Варшаве ў «Доме журналіста». Цяпер выстава распачала працу ў Польскім Сейме.

«Выстава прадэманстравала, што тэма Украіны і яе барацьбы за свабоду, магчымасці украінцаў вырашаць сваю будучыню – важныя для Польшчы. Ліст да вязняў Крамля падпісаў увесь прэзідыум Сейму. У польскай палітыцы нас шмат што падзяляе, але такія рэчы нас абʼядноўваюць, і пытанне дапамогі Украіне нас абʼядноўвае. Тое, што Раман Сушчанка на свабодзе і з намі, што можам паказваць яго малюнкі ў яго прысутнасці – гэта дэманструе, што супольная барацьба мае глыбокі сэнс і прыносіць вынікі. Вынікам сталі два абмены палоннымі і спадзяюся, што будуць наступныя, што тыя асобы, якіям знаходзяцца за кратамі ў Расейскай Федэрацыі, што таксама выйдуць на волю», – адзначыла «Белсату» Малгажата Гасеўска, віцэмаршалак Польскага Сейму.

Беларусы ды ўкраінцы вырашылі, як змагацца з Расеяй

СК belsat.eu

Hавiны